Пракуратура аднавіла крымінальную справу супраць царквы Муна
- 8.12.2009, 16:29
Справа супраць менчука Яўгена Воўкава была ўзбуджана 18 чэрвеня 2009 года па артыкуле 193-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Прадстаўнік Федэрацыі за ўсеагульны мір (UPF) у Рэспубліцы Беларусь Ігар Валюк паведаміў БелаПАН, што пракуратура горада Менска аднавіла расследаванне па крымінальнай справе супраць менчука Яўгена Воўкава — паслядоўніка рэлігійнага вучэння вялебнага Мун Сан Мёна.
Паводле яго словаў, справа супраць Воўкава была ўзбуджана 18 чэрвеня 2009 года па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Аднак пасля правядзення расследавання 18 жніўня была вынесена пастанова аб спыненні вытворчасці па дадзенай справе ў сувязі з адсутнасцю склада злачынства, сказаў Валюк. Тым не менш, паводле яго, згодна з пастановай ад 30 лістапада старэйшы следчы па найважнейшых справах пракуратуры Менска Сяргей Грахоўскі аднавіў расследаванне.
Як адзначыў Валюк, у 2009 годзе ў беларускіх дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ з'явіўся шэраг матэрыялаў, у якіх праз «галаслоўныя сцвярджэнні і правакацыйную інфармацыю скажалася і ачарнялася дзейнасць доктара Муна і яго паслядоўнікаў». Паводле яго словаў, гэты рэлігійны дзеяч падаецца як авантурыст, а людзі, якія падзяляюць яго погляды, як «замбаваныя» і адарваныя ад рэальнасці асобы, якім абыякавы сям'я, грамадства і краіна.
Гэта адбываецца на фоне падтрымкі міратворчых ініцыятыў доктара Муна кіраўнікамі дзяржаў, чальцамі парламентаў і грамадскімі дзеячамі шматлікіх краін свету, сказаў Валюк. Паводле яго словаў, створаная навукоўцамі ў 1999 годзе Федэрацыя за ўсеагульны мір дамаглася сусветнага прызнання, стала кансультатыўным чальцом рады па сацыяльным супрацоўніцтве ААН, а прадстаўнікі беларускага дыпламатычнага корпуса актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці гэтай міжнароднай арганізацыі, лічачы яе важным інструментам у справе барацьбы за мір.
«Лічым, што падобныя метады процідзеяння легальнай дзейнасці прыхільнікаў ідэй Мун Сан Мена, у тым ліку спробе рэгістрацыі рэлігійнай абшчыны, недапушчальныя ў краіне, дзе талерантнасць і верацярпімасць ставяцца ў аснову дзяржаўнай палітыкі», — падкрэсліў Валюк.
Паводле яго словаў, дзве спробы рэгістрацыі ў Беларусі абшчыны паслядоўнікаў доктара Муна (у 1996 і 2001 гадах) скончыліся безвынікова.
Адзначым, што 2 снежня 2005 года ў другім чытанні «палаты прадстаўнікоў» была прынятая папраўка ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Беларусі, якія ўзмацнілі адказнасць «за дзеянні, скіраваныя супраць чалавека і грамадскай бяспекі». Прыняты напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года новы крымінальны артыкул 193.1 быў задзейнічаны для барацьбы з непажаданымі для ўлад арганізацыямі.
Ад моманту, калі ў 2006 годзе ўступіла ў дзеянне крымінальная адказнасць за дзейнасць у незарэгістраваных аб'яднаннях, па артыкуле 193.1 у Беларусі былі асуджаныя 17 чалавек. Пры гэтым ніводнага апраўдальнага прысуду праваабаронцы не зафіксавалі.