Бульдозеры руйнуюць магілы расстраляных беларусаў у Лошыцкім Яры
- 16.02.2009, 13:50
Менскія ўлады праводзяць акт вандалізму – зносяць помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.
Журналіст Regionby.org Галіна Баравая стала сведкай, як менскія ўлады праводзяць рэканструкцыю Лошыцкага Яра, месца сталінскіх рэпрэсіяў, якое таксама называюць Чорным Ярам. Знаходзіцца Лошыцкі Яр побач з Лошыцкім паркам.
На аб'екце чарговай «рэканструкцыі» штодня вядуцца будаўнічыя працы. Бульдозэры і экскаватары рыюць зямлю справа ад лошыцкага «рабога маста» у накірунку Крыжа пакутнікам. У глыбокія траншэі закопваюць металічныя і бетанаваныя трубы для падземных камунікацыяў.
Па словах журналіста, будаўнікі нават не ведаюць, што працуюць на месцы, дзе раней праводзіліся масавыя расстрэлы. І іх не хвалюе, што Крыж пакутнікам, які быў усталяваны ў гонар рэпрэсаваных, неўзабаве знікне з карты Лошыцкага Яра.
Адным з першых Лошыцкі Яр даследаваў лідэр КХП БНФ, археолаг Зянон Пазняк. У 1988 ён публічна заявіў, што тут адбываліся масавыя расстрэлы людзей у 1937 годзеу. На думку Пазняка ў гэтым месцы знаходзяцца парэшткі 7-10 тысячаў чалавек.
У адным са сваіх артыкулаў Зянон Пазняк наступным чынам апісаў падзеі, якія больш за 70 гадоў таму адбываліся ў Лошыцы:
«Людзей прывозілі ў «хапунах» і часам на бартавых грузавіках, звязаных і пад наглядам аховы. Як правіла, прывозілі рана (у 5-6 раніцы) па некалькі машынаў і тут жа расстрэльвалі. Некаторыя з лошыцкіх старажылаў распавядалі мне ў 80-х, што бачылі, як вазілі і нават як расстрэльвалі. Асуджаныя на смерць былі бедна апранутыя, простыя людзі. Зафіксаваныя таксама асобныя факты, калі мясцовыя камсамольцы, НКУС і лошыцкія падонкі ўдзельнічалі ў расстрэлах «ворагаў народа» тут, у Лошыцкім Яры. Яны напрошваліся «пастраляць» і за кожны стрэл ім плацілі 50 капеек».