Незалежныя прафсаюзы правядуць агульнарэспубліканскую акцыю пратэсту
- 10.03.2009, 15:12
Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці мае намер правесці 3 красавіка агульнарэспубліканскую акцыю пратэсту.
Пра гэта БелаПАН заявіў адзін з лідэраў РЭП Аляксандр Бухвостаў.
Паводле яго словаў, такое рашэнне было прынятае 9 сакавіка на паседжанні прэзідыўма прафсаюза ў сувязі з адмовай уладаў зарэгістраваць першасныя арганізацыі РЭП у Магілёве, Віцебску і Гомелі.
«Мы маем намер правесці пікеты супраць парушэння правоў прафсаюзаў, -- сказаў Бухвостаў. -- Падчас пікетаў будзем тлумачыць, супраць чаго мы пратэстуем, раздаваць інфармацыю аб парушэнні правоў прафсаюзаў у Беларусі».
Аляксандр Бухвостаў адзначыў, што пікеты плануецца правесці ва ўсіх абласных і некаторых раённых цэнтрах Беларусі.
Ён таксама паведаміў, што на паседжанні прэзідыўма прафсаюза прынятае рашэнне звярнуцца ў суд. У цяперашні час рыхтуецца скарга на адмову ў рэгістрацыі пяршовак.
Паводле яго словаў, інфармацыя аб адмове ў рэгістрацыі таксама накіраваная ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП).
Як паведамлялася раней, з 5 па 27 сакавіка ў Жэневе пройдзе 304-я сесія Адміністрацыйнай рады МАП. Чакаецца, што падчас сесіі ў Міжнародным бюро працы (МБП) пройдуць кансультацыі з удзелам беларускай дэлегацыі па пытаннях супрацоўніцтва з МАП, у тым ліку па выкананні краінай рэкамендацыяў арганізацыі. Мяркуецца, што яны адбудуцца пасля 20 сакавіка.
Нагадаем, у 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП пачала расследаванне аб парушэнні правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. У выніку Беларусь пяць разоў уносілася ў спецпараграф дакладу Міжнароднай канферэнцыі працы як краіна, дзе парушаюцца правы прафсаюзаў.
За гэта ў чэрвені 2007 года Беларусь была выключаная з Генеральнай сістэмы прэферэнцыяў Еўразвяза. Для яе вяртання ўрад павінен выканаць 12 рэкамендацыяў МАП, у прыватнасці: даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць свае першасныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзянаў па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб'яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблемаў краіны.