BE RU EN

Жыхароў Віцебску судзяць за сьвяткаванне Дня Волі

  • 26.03.2009, 9:48

Сяргея Каваленку, Ігара Базарава, Валерыя Аляксандрава, Леаніда Аўтухова і Аляксандра Кузьняцова будуць судзіць за ўдзел у акцыях 25 сакавіка.

Справы пяцёх актывістаў мае разгледзець сёньня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску, перадае «Радыё Свабода».

Удзельнікаў некалькіх акцый, якія ўчора цягам 25 сакавіка прайшлі ў Віцебску, было значна болей, больш за сотню чалавек, але менавіта гэтыя пяцёра хлопцаў разгарнулі на вачох віцебскіх мінакоў бел-чырвона-белыя сьцягі, за што й былі затрыманыя міліцыяй.

Мінулую ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня мусілі правесьці сябра КХП- БНФ Сяргей Каваленка і ягоны аднадумца Ігар Базараў. Разам з Валерам Аляксандравым гэтыя хлопцы разгарнулі нацыянальныя сьцягі на плошчы Свабоды.Валерыя Аляксандрава міліцыянты на ноч не затрымлівалі, бо ён мае інваліднасьць.

З ізалятару часовага ўтрыманьня ў Кастрычніцкі раённы суд прывязуць таксама старшыню раённай суполкі Партыі БНФ з Гарадка Леаніда Аўтухова, які разгарнуў нацыянальны сьцяг ля мэмарыяльнай дошкі Васіля Быкава, куды грамадзкія актывісты прыйшлі ўчора ўвечары, каб ускласьці кветкі.

Віцебскія грамадзкія актывісты і праваабаронцы зьбіраюцца сёньня папрысутнічаць на ўсіх судовых працэсах супраць апазыцыянэраў, каб выказаць зь імі салідарнасьць.

Апошнія навіны