Суд прызнаў правамерным пакаранне журналістаў за падтрымку роднай мовы
- 26.03.2009, 13:50
Гомельскі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суду Цэнтральнага раёна аб адміністрацыйным пакаранні за ўдзел у святкаванні Дня роднай мовы журналістаў Зміцера Кармазіна і Алега Ражкова.
Як паведамляе БелаПАН, чальцы грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звярнуліся ў аблсуд з касацыйнай скаргай на рашэнне раённага суду аб прызнанні іх вінаватымі ў парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства і пакаранні штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (700 тысячаў рублёў).
Нагадаем, 21 лютага ў Гомелі прайшла акцыя ў падтрымку роднай мовы, яе ўдзельнікі завязалі роты чырвона-зялёнымі палоскамі тканіны і неслі ў руках лісты паперы з надпісам «Беларуская мова», зверху якой стаяла пячатка«Забаронена». Маладыя людзі мелі намер ускласці кветкі да помніка Кірыле Тураўскаму, але былі затрыманыя і прысуджаныя судом да штрафаў і арыштаў. Журналісты Алег Ражкоў і Зміцер Кармазін асвятлялі гэтую акцыю і былі затрыманыя разам з актывістамі дэмакратычнага руху.
«Рашэнне абласнога суду было чаканым, ніякіх эмоцыяў і ілюзіяў адносна таго, што больш высокая судовая інстанцыя нас апраўдае, у нас не было. Вядома, да недзяржаўных журналістаў у ўладаў асаблівае стаўленне. Сімвалічна, што суд вынес рашэнне ў Дзень Волі — гэта характарызуе стаўленне ўладаў і да свабоды слова ў тым ліку», - пракаментаваў рашэнне абласнога суду А.Ражкоў.