Чарговы штраф за беларускую мову
- 4.03.2009, 13:53
Суд Цэнтральнага раёну Гомеля аштрафаваў на 525 тысячаў рублёў (185 даляраў) удзельнікаў акцыі ў падтрымку роднай мовы.
Судзьдзя Алена Цалкова прызнала жыхара Гомеля Андрэя Папова ўдзельнікам несанкцыянаванага мерапрыемства.
Сёньня Папоў прызнаў, што ўдзельнічаў у акцыі ў Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага. Паводле словаў маладзёна, ён быў упэўнены, акцыя адбываецца паводле закону.
«Я пераканаўся ў сваіх здагадках, што акцыя не супярэчыць закону, калі да нас падышоў міліцыянт і папярэдзіў, каб не рабілі супрацьзаконных дзеяньняў. Але мы-та нічога не зьдзяйсьнялі», - зазначыў Андрэй Папоў.
21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы маладзёны ішлі па вуліцы Савецкай, каб ускласьці кветкі да помніка Кірылу Тураўскаму. Апрача гвазьдзікоў у руках яны трымалі лісткі паперы з надпісамі «Родная мова» з штампам па-расейску: «Запрещено». Раты ва ўдзельнікаў акцыі былі завязаныя чырвона-зялёнымі стужкамі.
Міліцыянтамі былі затрыманыя сямёра актывістаў і два незалежныя журналісты — Алег Ражкоў і Зьміцер Кармазін, пасьля чаго іх адвезьлі ў Цэнтральны РАУС, дзе трымалі амаль 6 гадзінаў. На ўсіх складзены адміністрацыйныя пратаколы за «парушэньне правілаў правядзеньня вулічных акцый» паводле ч.1, артыкула 23.34 КаАП.
Раней суд пакараў чатырох ўдзельнікі акцыі ў абарону беларускай мовы буйнымі штрафамі, а актывіста Кастуся Жукоўскага нават прысудзілі да 7 сутак арышту.