Салдат зажыва згарэў у танку вайсковай часткі Слоніма (Фота)
- 5.03.2009, 8:43
Сёння будуць хаваць салдата, які знаходзіўся ў танку, што загарэўся ў вайсковай частцы Слоніма.
Аб гэтым паведаміў TUT.BY адзін з чытачоў.
Сяргей Пінчук быў прызваны ў войска ў г.Слонім у танкавую частку абсалютна здаровым маладым чалавекам, а вярнуўся дадому ў дамавіне "вугельчыкам". Па нявысветленых прычынах загарэўся танк, у якім знаходзіўся Сяргей і іншыя салдаты. Тры хлопцы моцна абгарэлі, але засталіся жывыя, а ён праз некалькі дзён сканаў. Апёк склаў 60%", - піша чытач.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 19 лютага ў 7-м асобным танкавым батальёне вайсковай часткі № 33933 у Слоніме. Прыкладна ў 10:30 пры правядзенні планавых заняткаў па баявой падрыхтоўцы адбылося ўзгаранне паліва і загарэўся танк Т-72. У выніку адбыўся выбух бакаў з гаручым і полымя перакінулася на суседнія машыны.
Як паведаміла тады «Газета Слонімская», у выніку ўзгаранні пацярпелі трое вайскоўцаў. Яны атрымалі апёкі рознай ступені цяжкасці і былі дастаўленыя ў менскі апёкавы цэнтр.
Як паведамілі БелТА у Беларускай ваеннай пракуратуры, па дадзеным факце Гарадзенскім міжгарнізонным вайсковым пракурорам узбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 464 КК Беларусі (парушэнне правілаў эксплуатацыі баявой транспартнай машыны).
Журналістам атрымалася датэлефанавацца да суседкі сям'і Пінчук - Веры. Яна пацвердзіла інфармацыю аб тым, што заўтра будзе пахаванне.
«Бедныя бацькі, - кажа суседка. - У іх было двое дзяцей, але дачка памерла ў 16 год, а цяпер яшчэ і сын - яны раслі разам з маімі ўнукамі. Маці ляжала ў лякарні, адпусцілі на пахаванне…»
Маці Сяргея Пінчука - Аляксандра Іванаўна - працавала ў лякарні, бацька - Сяргей Пятровіч - трактарыст.
Журналісты звярнуліся ў апёкавае аддзяленне пры Лякарні хуткай дапамогі, аднак там адмовіліся даваць каментары:
- Выбачыце, нічога не магу сказаць. Гэта вайскоўцы, тэлефануеце ў Генштаб.
У Мінабароны сказалі, што каментары СМІ даюць у працоўны час з 9 да 18.