Улады ўзаконілі масавыя звальненні працоўных
- 5.03.2009, 9:34
Міністэрства працы і соцабароны ўпаўнаважанае вызначаць крытэры масавага вызвалення працаўнікоў.
2 сакавіка была падпісаная пастанова Савета Міністраў РБ № 260 «Аб вызначэнні крытэраў масавага вызвалення працаўнікоў».
Раней такія крытэры вызначаліся ў дамоўнай форме паміж мясцовымі органамі ўлады з аднаго боку, а таксама прафсаюзамі і наймальнікамі з другога і трэцяга боку, піша «Ежедневник».
Напрыклад, у цэлым для Менскай вобласці адпаведнай дамовай усталявана, што масавым вызваленнем лічыцца вызваленне 1% працуючых на працягу каляндарнага месяца. Для гарадоў абласнога падначалення - 1,5% працуючых, для раёнаў, іншых гарадоў і пасёлкаў - 2%. Акрамя таго, гэтыя крытэры маглі ўсталёўвацца прафсаюзамі і наймальнікамі ў канкрэтных калектыўных дамовах на прадпрыемствах.
Зараз сітуацыя кардынальным чынам мяняецца. З дамоўнай сферы адносінаў паміж прафсаюзамі (якія бы яны ні былі) вызначэнне крытэра масавага вызвалення, паводле пастановы ўрада, аддадзенае на водкуп Міністэрству працы і сацыяльнай абароны насельніцтва.
Аб тым, наколькі ў выніку гэтага зведаюць лічбавыя паказчыкі дадзенага крытэра, пакуль можна толькі здагадвацца. Аднак у чыноўнікаў міністэрства ёсць дзейсны механізм, які дазваляе хоць бы на паперы паказаць пазітыўную карціну з занятасцю насельніцтва.