BE RU EN

У Грузіі апазіцыя чакае адстаўкі Саакашвілі: яму далі час да 15.00 сённяшняга дня

  • 10.04.2009, 10:35

Удзельнікі мітынгу апазіцыі ў Грузіі накіравалі прэзідэнту Міхаілу Саакашвілі зварот з патрабаваннем падаць у адстаўку да 15 гадзін 10 красавіка.

Мітынг апазіцыі, распачаты напярэдадні, працягнецца ў пятніцу ў 14 гадзін па маскоўскім часе.

«Калі Саакашвілі не выканае патрабаванне народа, апазіцыя апублікуе план сваіх дзеянняў па вымушэнні Саакашвілі пакінуць пасаду прэзідэнта», - сказаў адзін з лідэраў апазіцыі Леван Гачэчыладзэ.

У сваю чаргу кансерватар Бідзіна Гуджабідзэ заявіў:

«Пікетаванне пачнецца каля рэзідэнцыі прэзідэнта, дзяржканцэлярыі, тэлебачання, міністэрстваў энергетыкі і эканомікі, іншых ведамстваў, мы падзелім нашыя сілы».

Па словах кансерватара, на мітынг у 14 гадзін апазіцыя чакае ў пятніцу дзясяткі тысяч прыхільнікаў.

«Дыялог магчымы толькі па пытанні адстаўкі Саакашвілі», - заявіў Бідзіна Гуджабідзэ.

Апазіцыя заклікае народ Грузіі да ўсеагульнага непадпарадкавання ў выпадку, калі Саакашвілі адмовіцца добраахвотна пакінуць сваю пасаду, заявіла адна з арганізатараў акцыі Эка Беселія. Па ейных словах, «у 2007 годзе апазіцыя адступіла дзеля захавання міру, аднак у выніку грузінскі народ атрымаў жнівень 2008 года».

«Сёння мы пачынаем вырашальны бой і заклікаем народ не здавацца», - заявіла яна.

Большасць удзельнікаў акцыі - жыхары Тбілісі, сярод мітынгоўцаў таксама тысячы жыхароў розных гарадоў і раёнаў Грузіі, што прыехалі ў сталіцу краіны.

Экс-спікер парламента Ніно Бурджанадзэ, якая ўзначальвае цяпер партыю «Дэмакратычны рух - Адзіная Грузія», заявіла, што Саакашвілі павінен зразумець, што яму час сыходзіць ў адстаўку, бо большасць насельніцтва патрабуе гэтага.

У Тбілісі, як і планавалася раней, у чацвер перад парламентам Грузіі адбыўся мітынг апазіцыі з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі. Арганізатары акцыі кажуць, што на праспекце Руставелі і прылеглых вуліцах сабралося больш за 150 тысяч чалавек, улады жа называюць значна меншыя лічбы - 25-30 тысяч, паведамляе «Грузія Online».

Апошнія навіны