BE RU EN

«Малады Фронт» звяртаецца да міністраў абароны і адукацыі

  • 23.04.2009, 9:24

«Малады Фронт» накіраваў звароты на імя беларускіх міністра абароны Леаніда Мальцава і міністра адукацыі Аляксандра Радзькова адносна сітуацыі, якая склалася вакол намесніка старшыні арганізацыі Івана Шылы.

Іван Шыла быў выключаны са школы напярэдадні апошняга іспыту ў чэрвені 2008 года. А гвалтоўны «палітычны» прызыў у армію ў 2009 годзе пазбавіў яго магчымасці скончыць школу і атрымаць атэстат, нагадвае сайт mfront.net.

«Заклікаем Вас праявіць грамадзянскую свядомасць і знайсці магчымасць для здачы апошняга школьнага іспыту Іванам Шылам ў Беларусі ў хуткім часе. Мы ўпэўненыя, што пры жаданні міністр абароны і міністр адукацыі заўсёды прыйдуць да паразумення і станоўча вырашаць гэтае пытанне», – адзначаецца ў лісце да міністраў.

Нядаўна «Малады Фронт» абвесціў аб пачатку кампаніі «Школа для ўсіх». Мэтай кампаніі з'яўляецца даванне Івану Шылу магчымасці здаць у хуткім часе апошні школьны іспыт у беларускай школе і атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі. Акрамя таго, «Малады Фронт» спадзяецца, што гэтая кампанія дапаможа не паўтарыць адпрацаваны беларускімі ўладамі сцэнар па выключэнні са школаў моладзевых актывістаў сёлета.

Нагадаем, для здачы апошняга школьнага іспыту Івана Шылу ўжо запрасіла ў Польшчу міністр адукацыі гэтай краіны Катажына Халь.

Апошнія навіны