BE RU EN

Супрацоўнікі КДБ затрымалі праваабаронцу Віктара Сазонава (Абноўлена)

  • 24.04.2009, 15:10

Супрацоўнікі гарадзенскіх спецслужбаў вынеслі папярэджанне «аб недапушчальнасці апазіцыйнай дзейнасці» вядомаму праваабаронцу Віктару Сазонаву.

Як паведаміў «Радыё Рацыя» Віктар Сазонаў, ён быў затрыманы ва ўласнай кватэры. Два супрацоўнікі дзяржустановы прынеслі яму на дом позву і прапанавалі праехаць разам з імі ва ўпраўленне КДБ па Гарадзенскай вобласці. У позве не паказвалася, з якой мэтай і ў якасці каго Віктара Сазонава выклікаюць у Камітэт дзяржбяспекі.

Ва ўпраўленні КДБ па Гарадзенскай вобласці, куды Віктара Сазонава супрацоўнікі ўстановы прывезлі пад прымусам, яго азнаёмілі з асабістай справай і папярэдзілі, што ў выпадку наступнай апазіцыйнай дзейнасці ён можа быць прыцягнуты да адказнасці па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Артыкул прадугледжвае турэмнае зняволенне тэрмінам да трох год.

Па меркаванні Віктара Сазонава, такія дзеянні КДБ накіраваныя, у першую чаргу, на ажыццяўленне псіхалагічнага ціску і запалохвання з мэтай абмежаваць ягоную актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Супрацоўнікі КДБ пад подпіс азнаёмілі Віктара Сазонава «аб наступствах» і раілі «добра падумаць аб сваім наступным лёсе».

Падчас размовы супрацоўнікі КДБ узгадалі аб двух мерапрыемствах, у якіх прымаў непасрэдны ўдзел Віктар Сазонаў - гэта канцэрт легендарнай польскай групы «Ламбард», які прайшоў у Гародні ў маі мінулага года, і акцыя, прысвечаная абароне правоў чалавека.

Праваабаронца не выключае, што павышаная цікавасць супрацоўнікаў спецслужб да ягонай асобы таксама можа быць звязаная з правядзеннем «Чарнобыльскага Шляха», які запланаваны на нядзелю 26 красавіка.

Апошнія навіны