Праз 2 гады КДБ вярнуў апазіцыянерам кампутары. У іх з'явіліся вірусы і новыя файлы
- 13.05.2009, 10:36
11 траўня Упраўленне КДБ па Гомельскай вобласці вярнула актывістам гомельскай кааліцыі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў шэсць кампутараў, канфіскаваных падчас ператруса ў кастрычніку 2007 года.
Як паведаміў БелаПАН старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, не ўся аргтэхніка, якую вярнулі спецслужбы, была ў непашкоджаным стане. «З майго кампутара знікла сістэмная картка, але разам з тым з'явіліся файлы, якіх да ператруса і канфіскацыі тэхнікі не было, - статут, анкета, памяткі арганізацыі «Малады фронт», яшчэ ў дадатак і восем вірусаў», - адзначыў лідэр абласной арганізацыі.
Ён выказаў здагадку, што дакументы, датычныя дзейнасці «Маладога фронту», былі змешчаныя кімсьці ў кампутар наўмысна, каб нейк апраўдаць той факт, што ва ўпраўленні КДБ аргтэхніка знаходзілася паўтары гады. Яна была канфіскаваная на падставе таго, што з'яўляецца рэчыўным доказам па крымінальнай справе ў дачыненні да незарэгістраванай арганізацыі. «Верагодна, супрацоўнікі спецслужбаў самі не ведалі, ці спатрэбяцца ім у будучыні кампутары як рэчдоказы і супраць каго - на ўсякі выпадак хтосьці пазначыў файлы з дакументамі», - лічыць Палякаў.
Ператрус і канфіскацыя аргтэхнікі адбыліся ў офісе абласной арганізацыі АГП у кастрычніку 2007 года. Супрацоўнікі КДБ патлумачылі свае дзеянні правядзеннем аператыўных мерапрыемстваў па крымінальнай справе ў дачыненні да сябраў «Маладога фронту». У той час падазраванымі ў дзейнасці ад імя арганізацыі былі моладзевыя актывісты з Гомелю і Жлобіна Андрэй Цянюта і Кірыл Атаманчык. Крымінальная справа ў дачыненні да Цянюты была спыненая, лёс крымінальнай справы ў дачыненні да Атаманчыка невядомы. Нядаўна ён звярнуўся ва Упраўленне КДБ з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яго.