BE RU EN

Суд над незалежнай журналісткай перанесены на 29 мая

  • 21.05.2009, 9:47

Суд над журналісткай «Радыё Рацыя» Тамарай Шчапеткінай, пачаты 20 мая, працягнецца праз тыдзень.

Будуць выкліканыя сведкі-міліцыянты: маёр Жук, капітаны Аполька і Дземідовіч.

У працэсе, які вядзе суддзя Бярозаўскага раёна Алена Нямкова, журналістка прадставіла сваё бачанне сітуацыі, у якой яна была затрыманая міліцыяй, паведамляе «Радыё Свабода».

Шчапеткіну затрымалі на акцыі «Свечка памяці», якая праводзілася 26 красавіка ў райцэнтры Бяроза і была прымеркаваная да ўгодак аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тамара Шчапеткіна заявіла, «што ўжо восьмы год бярозаўскія грамадскія актывісты праводзяць акцыю «Свечка памяці».

«Людзі прыйшлі самі. Яны ўжо звыкліся. Ніхто іх не кліча. Я як незалежны журналіст асвятляла гэтую падзею. Мне сказалі: скажыце ўсім, хай разыйдуцца. А я якое да гэтага стаўленне маю, калі я людзей не прыводзіла? Потым я чакала, пакуль усе сыдуць з плошчы, бо лічыла, што могуць быць затрыманні людзей. Але не думала, што можа быць затрыманне толькі мяне адной», - кажа яна.

Тамару Шчапеткіну вінавацяць па артыкуле 23.34, частка 1 - «парушэнне правапарадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў».

«Капітан Аполька доўга, каля паўгадзіны шукаў па адміністрацыйным кодэксе, што ж знайсці такое, бо я правапарадак не парушала», - адзначае Тамара Шчапеткіна.

Сапраўднай жа мэтай затрымання з'яўляецца запалохванне, лічыць журналістка.

«Яны хочуць запалохаць. Выконваючы свае журналісцкія абавязкі, я здзяйсняю дапамогу, разбіраючы тыя або іншыя сітуацыі. Я не бачу крыміналу. Не бачу ў гэтым ніякай акцыі. Гэтае сваволле ўлад, якія не любяць, каб узгадвалі аб Чарнобылі ў квітнеючай Беларусі», - каментуе Тамара Шчапеткіна.

Брэсцкі праваабаронца Раман Кіслюк расцэньвае затрыманне Тамары Шчапеткінай як парушэнне з боку ўладаў ейнага права на свабоднае выказванне сваіх поглядаў.

«Яна была адзінай затрыманай. І гэта наводзіць на думку, што яе прыцягнулі да адказнасці як актыўную журналістку», - сцвярджае юрыст.

Апошнія навіны