За праезд у электрычцы цяпер прыйдзецца плаціць за кожны кіламетр
- 21.05.2009, 13:25
Беларуская чыгунка з 1 чэрвеня будзе збіраць плату за праезд у прыгарадных цягніках па пакіламетровым тарыфе.
Пра гэта сёння паведаміў журналістам першы намеснік начальніка БЧ Уладзімір Лапцінскі ў фармаце паседжання Савета па чыгуначным транспарце краінаў СНД у Менску, перадае карэспандэнт БелТА.
«З 1 чэрвеня мы пераходзім на збіранне платы ў прыгарадных зносінах па пакіламетровым тарыфе, - сказаў спецыяліст. - Атрымліваецца, калі пасажыр праехаў 10 км, заплаціць менавіта за іх».
Уладзімір Лапцінскі заявіў, што Беларуская чыгунка не падвышала кошты ў прыгарадных зносінах ўжо на працягу паўтарох гадоў. «Як было 440 рублёў за адну зону, так і засталося», - заявіў ён. У той жа час для прыцягнення дадатковых плыняў БЧ знізіла кошты ў зносінах з Расеяй па асобных накірунках да 20%.
Кажучы пра сістэму грузавых тарыфаў, Уладзімір Лапцінскі адзначыў, што ў СНД міжнародныя тарыфы на перавозкі застаюцца на ўзроўні 2008 года.