Улады збіраюцца «прывязаць» стаўку арэнднай платы да беларускага рубля
- 21.05.2009, 17:44
Паводле праекту ўказу Лукашэнкі, у хуткім часе бізнэсмэны перастануць плаціць за памяшканні ў еўра.
21 траўня на семінары «Дзяржаўная нерухомасць: магчымасці выкарыстання і ўкладання інвестыцыяў» намеснік дырэктара Фонду дзяржаўнай маёмасці Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Уладзімір Кавалеўскі паведаміў, што паводле праекту ўказу прэзідэнта, плануецца «адвязаць» стаўку арэнднай платы за памяшканні ад еўра, паведамляе БелаПАН.
Паводле яго словаў, базавая стаўка для разліку арэнднай платы будзе ў беларускіх рублях. Меркаваны памер гэтай стаўкі чыноўнік не назваў, заявіўшы, што «гэты ўказ не накіраваны на падвышэнне арэнднай платы».
Ён таксама паведаміў, што ўказам будзе вызначаны адзіны падыход арандаванай маёмасці, што прадугледжвае адсутнасць дзялення на адміністрацыйныя і вытворча-пабытовыя аб'екты. Акрамя гэтага, указам будуць прадугледжаныя паніжальныя каэфіцыенты ў залежнасці ад месцазнаходжання аб'екта. Будзе таксама адменены каэфіцыент пераводу еўра ў рублі.
Кавалеўскі паведаміў, што арандаваная плошча будзе вызначацца паводле тэхнічнага пашпарта аб'екта, а пры яго адсутнасці — шляхам абмервання памяшканняў.