Дзіцячы летнік: Халодныя пакоі і ледзяная вада
- 19.06.2009, 11:02
У аздараўленчым комплексе «Купалінка», непадалёк ад Менска, тыя, хто адпачывае, вымушаныя знаходзіцца практычна ў спартанскіх традыцыях: ні гарачай вады, ні ацяплення.
Для многіх дзяцей змена ў летніку скончылася раней часу. Прыемныя ўражанні сапсавалі пабытовыя ўмовы, бо з крана ішла толькі ледзяная вада. Душ атрымалася прыняць толькі адзін раз за 12 дзён, прыклаўшы нямала высілкаў, паведамляе тэлеканал АНТ.
Раней у пакоях былі батарэі. Памяшканні спраўна ацяпляла кацельня з суседняга летніка «Маяк».
«Але ў свой час яны палічылі гэта нерэнтабельным, можа, у іх фінансавыя праблемы былі, і кацельню замарозілі», -- распавядае начальніца дзіцячага аздараўленчага летніка «Купалінка» Таццяна Гусак.
«Перад сном мы кожны пакой з важатымі імкнемся абагрэць, каб дзеткі хаця б ў цеплыні маглі перапрануцца», -- заяўляе педагог атрада № 9, Таццяна Валанчук.
У завода сродкаў комплекснай аўтаматызацыі, на балансе якога знаходзіцца «Купалінка», на новую ацяпляльную сістэму грошай няма, таму пакуль адна надзея на электраабагравальнікі.