Вінцук Вячорка: Казакі з нагайкамі на вуліцах Менска – звычайныя блазаны
- 20.07.2009, 12:44
Беларускія дэмакраты негатыўна ўспрынялі факт, што беларускае казацтва распачало ахову менскага заапарка.
Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.
«Улічваючы неадназначнае стаўленне да казацтва ў Беларусі, я гатовы паставіць пытанне: калі казакам дазваляюць весці ахоўную дзейнасць, на якой падставе апазіцыя не можа несці ахову, напрыклад, у Курапатах (урочышча пад Менскам, месца масавых рэпрэсіяў НКУС)», - сказаў Вячорка.
«Казацтва ў Беларусі - палітыканства, навязванне нам не толькі чужых стэрэатыпаў, але і наўпрост несяброўскіх. Казакі ў гісторыі Беларусі асацыююцца, перш за ўсё, са збіццём і прымусам да чужой насельніцтву веры. Тыя, якія сёння ходзяць з нагайкамі, на мой погляд, блазаны», патлумачыў Вячорка.
Ён таксама падкрэсліў, што ў адрозненне ад Украіны і паўднёвых рэгіёнаў Расеі «казакі ў Беларусі ніколі не былі саслоўем, ніколі не былі прадстаўленыя як дзяржаўны інстытут».
У сваю чаргу начальнік асветніцкага аддзела менскага заапарка Аляксандр Строганаў патлумачыў агенцтву, што «аб пастаяннай казачай ахове казаць пакуль рана, ідзе эксперымент, механізм прапрацоўваецца». Суразмоўца агенцтва таксама адзначыў, што казакі працуюць на добраахвотнай аснове.
«На тэрыторыі заапарка нячаста адбываюцца выпадкі хуліганства. Аднак бывае ўсялякае: прыйдзе чалавек на падпітку, скандаліць. Акрамя таго, казакі сочаць за захаваннем тэхнікі бяспекі», патлумачыў А.Строганаў.
У сваю чаргу паходны атаман менскага казацтва Юры Яфімаў паведаміў, што ў менскім заапарку «казачы патруль плануе працаваць толькі па выходных днях».
«Нашыя казакі не толькі сочаць за парадкам, але і дапамагаюць па гаспадарцы, даглядаюць за коньмі, якія ўтрымліваюцца пры заапарку», распавёў Ю.Яфімаў. Ён таксама падкрэсліў, што беларускае казацтва высоўвае шэраг ініцыятываў не толькі па ахоўных мерапрыемствах, але і «па пытаннях патрыятычнага выхавання і стварэння конна-спартовых секцыяў».