BE RU EN

На юбілеі менскага заапарка выступілі клоўны і казакі (Відэа)

  • 10.08.2009, 13:37

9 жніўня сталічны заапарк адзначыў 25-годдзе. У гонар дня нараджэння ў заапарку была арганізаваная святочная праграма.

Гасцей сустракалі вясёлыя клоўны, у тым ліку на хадулях. Выступілі вядомыя спевакі Аляксей і Андрэй Хлястовы, а таксама казачы ансамбль.

Дзяцей у заапарку чакалі каруселі, батуты, водныя забаўкі, і, вядома, яго насельнікі — жывёлы.

Як распавёў БелаПАН паходны атаман РГА «Беларускае казацтва» Юры Яфімаў, па просьбе адміністрацыі заапарка казакі патрулююць яго тэрыторыю па суботах і нядзелях для захавання грамадскага парадку.

«У заапарку сапраўды патрэбная дапамога, — сказаў Яфімаў. — Тут знаходзіцца шэсць коняў, падрыхтаваных для верхавой язды. А казак без каня — не казак, таму мы хочам на пачатковым этапе арганізаваць тут казачы гурток верхавой язды, а неўзабаве тут будзе створаная казачая станіца».

Апошнія навіны