Арыштаваны бізнэсмэн, які дапамагаў міліцыі ў следчым эксперыменце
- 11.08.2009, 9:30
Кіраўнік берасцейскай фірмы «Гасціны двор» Андрэй Бялоў арыштаваны і знаходзіцца ў ізалятары.
Яго фірма займалася продажам мэблі. Кліенты часта скардзіліся на яго ў суды і ў Берасцейскае абласное таварыства абароны правоў спажыўцоў. Некаторыя справы ў таварыства атрымалася выйграць, паведамляе «Еўрарадыё».
Пазалетась Андрэй Бялоў у супрацоўніцтве з міліцыяй дамогся арышту намесніка старшыні Таварыства абароны правоў спажыўцоў Віталя Брытанава. Ён паклаў таму на стол у капэрце 80 тысячаў рублёў, а затым уварваліся міліцыянты і склалі пратакол. Тады Брытанава прысудзілі да паўтарох гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці.
Берасцейская міліцыя пакуль не раскрывае дэталі арышту Бялова. Паводле інфармацыі крыніцы ў праваахоўных органах, падчас затрымання кіраўнік фірмы нават аказаў супраціў: нацкаваў на міліцыянта сабаку, збіў яго і ўцёк. Затым з'явіўся з пакаяннем.
Намеснік старшыні абароны правоў спажыўцоў Уладзімір Малей паведаміў, што некалькі іх кліентаў дамагліся ўзбуджэння крымінальнай справы супраць бізнэсмэна. Бялоў паведамляў у рэкламе, што прадае мэблю, а ў дамове з кліентамі друкаваў, што пастаўляе камплектуючыя.