Гары Паганяйла: «Гэта пагражае канчатковай узурпацыяй улады ў адных руках»
- 11.08.2009, 10:19
У беларускага дыктатара можа з'явіцца яшчэ адзін рычаг, праз які ён будзе «праціскаць» свае рашэнні, звязаныя з прынцыпам «каго хачу - памілую, каго хачу – пакараю».
Выказаўшы незадаволенасць тэмпамі барацьбы з карупцыяй на нядаўняй нарадзе з працаўнікамі пракуратуры, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць стварэння падпарадкаванага асабіста яму следчага камітэта з «шырокімі паўнамоцтвамі».
Як лічыць вядомы беларускі юрыст, адвакат Гары Паганяйла, у выпадку стварэння структуры, падпарадкаванай выключна кіраўніку дзяржавы, з'явіцца орган, які будзе валодаць важкім уладным рэсурсам.
У інтэрв'ю «Радыё Свабода» Гары Паганяйла, у прыватнасці, адзначыў: «Гэта добра б працавала ў дэмакратычнай дзяржаве, дзе забяспечваецца адкрытасць, спаборнасць працэсу. У нас жа пакуль яшчэ далёка не прававая, далёка не дэмакратычная дзяржава. І перападпарадкаванасць гэтых службаў непасрэдна Лукашэнку, вядома, толькі ўзмацняе яго аднаасобную ўладу, узурпацыю гэтай улады ў адных руках. Лукашэнка і без таго прысвоіў сабе шэраг паўнамоцтваў неканстытуцыйных, не забяспечаных нормамі, як Канстытуцыі, так і закона «Аб прэзідэнце». Усё гэта звязанае з яго жаданнем увесь час пашыраць свае паўнамоцтвы, свой уплыў на тыя ці іншыя сферы эканамічнага, грамадскага і палітычнага быцця нашай краіны. Таму асабіста мне перспектыва гэтая не вельмі падабаецца, паколькі ў прэзідэнта будзе яшчэ адзін дадатковы рычаг, праз які ён будзе «праціскаць» свае рашэнні, звязаныя з прынцыпам «каго хачу - памілую, каго хачу – пакараю». А гэта вельмі небяспечна».