BE RU EN

Ірына Крыловіч: «Ідэалогія эканамічнай палітыкі Лукашэнкі 15 гадоў нязменная»

  • 11.08.2009, 11:12

Незалежныя эксперты адзначаюць, што ва ўладных структурах Беларусі захоўваецца савецкі менталітэт і савецкая эканамічная адміністрацыйная ідэалогія.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб стварэнні дадатковых умоваў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Шмат хто бачыць у гэтым дакуменце паварот да ліберальнай эканамічнай палітыкі. Як лічыць «Нямецкая хваля», дапамагчы зразумець, ці так гэта на самой справе, можа аналіз «эпохі Лукашэнкі» у дачыненні да характара кіраўніцтва эканомікай.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, гэта значыць у найбольш востры перыяд распаду савецкай адміністрацыйна-каманднай эканомікі. Прамысловая вытворчасць у Беларусі тады рэзка знізілася. А таму Лукашэнка, абяцаючы запусціць заводы і спыніць «антынародную прыхватызацыю», атрымаў падтрымку большасці выбаршчыкаў.

Нейкі час здавалася, што эканоміка краіны, хоць і жыве па савецкіх законах, але развіваецца. Загаварылі нават пра «беларускі эканамічны цуд». Аднак, як адзначаюць эксперты, ён скончыўся, як толькі стала зніжацца схаваная фінансавая падтрымка з боку Расеі. Зніжэнне расейскіх датацыяў беларускай эканоміцы пачалося яшчэ пры прэзідэнце Расеі Уладзіміры Пуціне.

Але ці сапраўды Аляксандр Лукашэнка перагледзеў свае погляды на эканоміку? Аглядальнік штотыднёвіка «Беларусы і рынак» Ірына Крыловіч лічыць, што ідэалогія эканамічнай палітыкі Лукашэнкі ўсе 15 гадоў застаецца нязменнай. І грунтуецца яна, зазначае Крыловіч, «на прынцыпе дзяржаўнага кантролю і рэгулявання з мэтай узмацнення групы людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе».

Натуральна, эканамічная палітыка, прызнае Ірына Крыловіч, карэктуецца час ад часу ў адпаведнасці з кан'юнктурай, як палітычнай, так і эканамічнай. У яе ўводзяцца нейкія новыя элементы, але радыкальных зменаў не адбываецца.

Пасля з'яўлення спісу 500 беларускіх прадпрыемстваў, якія трэба будзе акцыянаваць, беларускі кіраўнік тлумачыў расейскім журналістам, што акцыянаванне гэтых прадпрыемстваў зусім не азначае продаж кантрольных пакетаў іх акцыяў. Тым больш - страту кантролю дзяржавы над гэтымі заводамі і фабрыкамі.

Прыватніку беларуская дзяржава, папярэджваюць эксперты, гатовая прадаць толькі тое, што ўжо прыйшло ў заняпад. Тыя ж прадпрыемствы, якія прыносяць прыбытак, могуць быць акцыянаваныя, але дзяржава не спяшаецца выстаўляць акцыі на продаж. Так, напрыклад, адбылося з прадпрыемствамі беларускай нафтахіміі.

«Мы не супраць прыватнай уласнасці,- тлумачыць беларускі кіраўнік, - мы не супраць прыватызацыі. Прадпрыемства будзе працаваць, можа, прыбытак вырасце. Але ў каго будуць гэтыя грошы - у дзяржавы, у народа ці ў аднаго чалавека?»

Відавочна, што пераход прыбытковых прадпрыемстваў у прыватныя рукі Лукашэнка лічыць няправільным. Таму Ірына Крыловіч упэўненая, што ва ўладных структурах захоўваецца савецкі менталітэт, савецкая эканамічная адміністрацыйная ідэалогія, імкненне ўсё рэгуляваць, размяркоўваць і кантраляваць.

Таму заяўленую «лібералізацыю» эканамічнага жыцця эксперт ацэньвае скептычна, бачыць у гэтым толькі касметычныя змены. Прычым змены гэтыя, дадае Крыловіч, датычаць толькі таго, што першапачаткова было задумана няправільна і прыводзіла да залішняга рэгулявання.

Апошнія навіны