Экспартная пошліна на нафту з 1 верасня можа зноў вырасці
- 11.08.2009, 12:01
Пошліна на экспарт нафты з Расеі з 1 верасня можа павялічыцца да $237-241 за тону.
Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-АФІ» намеснік начальніка аддзела мытных плацяжоў Мінфіна РФ Аляксандр Саковіч.
З 1 ліпеня пошліна складае $222 за тону.
Па словах А.Саковіча, сярэдні кошт расейскай нафты за перыяд маніторынгу з 15 ліпеня па 10 жніўня ўключна (без 4 гандлёвых дзён) склаўся на ўзроўні $68,55 за барэль.
«Калі за 4 гандлёвыя дні, якія засталіся, кошт застанецца ў межах $70-75 за барэль, дык канчатковы кошт маніторынгу складзе $68,8-$69,67 за барэль», - сказаў А.Саковіч. У гэтым выпадку пошліна на нафту будзе ў інтэрвале $237-241 за тону.
Ён таксама паведаміў, што пошліна на светлыя нафтапрадукты вырасце з 1 верасня са $161,9 да $172-175 за тону, на цёмныя - з $87,2 да $93-94 за тону.
Урад РФ усталёўвае экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты на аснове месячнага маніторынгу кошту расейскай нафты на еўрапейскіх рынках. Маніторынг праводзіцца з 15-га дня месяца па 14-ы дзень наступнага месяца.