Помнік Леніну, які забіў чалавека, адновяць
- 11.08.2009, 12:26
Пра аднаўленне помніка заявіў старшыня Уваравіцкага пасялковага савета Ігар Іванчыкаў.
«Мы будзем аднаўляць помнік Леніну, частка якога звалілася на мужчыну. Пытанне пра тое, калі і якімі сіламі гэта будзе зроблена», — заявіў старшыня Уваравіцкага пасялковага савета.
Ён таксама паведаміў, што помнік быў усталяваны ў 60-я гады 20-га стагоддзя.
«Цяпер часткі помніка Леніну, якія адваліліся, ляжаць на месцы здарэння», — дадаў чыноўнік.
10 жніўня 21-гадовы жыхар мястэчка Уваравічы (Гомельская вобласьць) загінуў у выніку падзення на яго помніка Уладзіміру Леніну.
У 4:40 раніцы хлопец залез на пастамэнт помніка вышынёй каля 7 м і паспрабаваў павіснуць на працягнутай наперад руцэ Леніна. У гэты момант канструкцыя абрынулася.
Па дарозе ў Гомельскую абласную клінічную лякарню малады чалавек сканаў.
Намесьнік начальніка РУУС Буда- Кашалёўскага раёну (Гомельская вобласць) Ігар Лебедзь паведаміў, што міліцыя праводзіць праверку акалічнасцяў здарэння.
«Мы апытваем сведкаў трагедыі. У нас ёсць дзесяць дзён, каб прыняць рашэнне, ці заводзіць крымінальную справу», — кажа Лебедзь. — «Але, хутчэй за ўсё, нават калі высветліцца, што загінулы залез на помнік з хуліганскіх памкненняў, крымінальная справа заведзеная ня будзе».
Міліцыянт пераказвае словы сведкаў здарэння: малады чалавек «хацеў пахваліцца, што ён дужы і можа залезці на высокі помнік».
Лебедзь таксама паведаміў, што загінулы, імя якога не называецца, быў раней асуджаны за хуліганства і ў Буда-Кашалёўскім раёне знаходзіўся на папраўчых працах.
Экспэрты Міністэрства культуры зазначаюць, што ў Беларусі болей за 10 помнікаў Леніну прызнаныя аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны.
У Манумэнтальна-экспэртным мастацкім савеце Інтэрфаксу паведамілі, што ўлік таго, колькі ўсталявана помнікаў Леніну, Сталіну, Марксу і Энгельсу на тэрыторыі Беларусі, ніколі не праводзіўся.