BE RU EN

Расея гатовая абвесціць Беларусі «цукровую вайну»

  • 11.08.2009, 12:37

Новая ініцыятыва Саюза цукравытворцаў Расеі тоіць небяспеку сур'ёзных зменаў схемы паставак беларускага цукру на расейскі рынак, якая дзейнічае на працягу апошніх гадоў.

Паводле інфармацыі расейскага выдання РБК Daily, «Саюзрасцукар» накіраваў у Мінсельгас Расеі ліст, згодна з якім прапаноўваецца ўвесці кватаванне імпарту цукру-сырца з краінаў Мытнага саюза (Расеі, Беларусі, Казахстана). Зараз пастаўкі сырца рэгулююцца з дапамогай мытных пошлінаў, памер якіх прывязаны да коштаў на Нью-Ёркскай біржы.

У прыватнасці, «Союзрасцукар» прапаноўвае ўвесці для рэгулявання паставак сырца тарыфныя квоты. Яны будуць размяркоўвацца сярод цукровых заводаў краінаў Мытнага звяза прапарцыйна аб'ёмам вытворчасці бураковага цукру за папярэднія тры гады. Галоўнай задачай змены механізму паставак сырца, лічаць у «Саюзрасцукары», з'яўляецца стварэнне ўмоваў для рэнтабельнай вытворчасці бураковага цукру на расейскіх заводах, змяншэнне залежнасці галіны ад імпарту цукру-сырца і сусветных коштаў на яго.

Гадавая запатрабаванасць Расеі ў цукры ацэньваецца «Саюзрасцукарам» у 5,3 млн тон. Паводле прагнозаў экспертаў, у 2009 годзе вытворчасць бураковага цукру складзе каля 3 млн тон, ці 56% ад агульнага спажывання. Па разліках «Саюзрасцукра», Расея здольная на 80% задавальняць уласныя патрэбы ў цукры за кошт унутранай вытворчасці.

«Саюзрасцукар» прапаноўвае ўключыць механізм кватавання паставак цукру ў праект адзінага мытнага тарыфу Мытнага саюза Расеі, Казахстана і Беларусі. Яго ўзгадненне спецыялісты Мінсельгаса, Мінпрамгандлю і Мінэканамразвіцця павінны скончыць да верасня. Гэты тэрмін важны ў тым сэнсе, што ў хуткім часе расейскія сельгасвытворцы будуць прымаць рашэнне аб структуры севазвароту на 2010 год.

Магчымая пераарыентацыя Расеі на вытворчасць цукру з уласнага бурака ставіць пытанне аб існуючым механізме і аб'ёмах увозу аналагічнага прадукта з Беларусі. Пастаўкі беларускага бураковага цукру ў цяперашні час рэгулююцца квотамі, якія зацвярджаюцца штогод урадамі двух краінаў. На бягучы год паводле сумеснага балансу памер квоты складае 150 тыс. тон.

Прапанова «Саюзрасцукра» выклікае цэлы комплекс пытанняў пра далейшае супрацоўніцтва Расеі і Беларусі ў цукровай галіне: Ці будзе пераглядацца дзейсны механізм, гэта значыць, ці адмяняцца квота на бураковы цукар? Якім чынам мяркуецца рэгуляваць аб'ёмы паставак бураковага цукру? Ці будзе ўводзіцца прапорцыя на ўвоз бураковага і сырцовага цукру з Беларусі? На якія квоты па сырцовым цукры можа разлічваць Беларусь у межах гэтых зменаў? Як будзе вызначацца кошт квоты?

Газета «Ежедневник» папрасіла пракаментаваць магчымыя змены ў механізмах паставак у Расею беларускага цукру старшыню праўлення «Союзрасцукра» Андрэя Бодзіна. Але практычна ўсе гэтыя пытанні засталіся без адказу.

Па словах Бодзіна, «пытанне пра тое, які механізм рэгулявання імпарту цукру-сырца ўжываць у межах Адзінага мытнага тарыфу краінаў мытнага Саюза, яшчэ не вызначанае».

Апошнія навіны