Рашэнне Вярхоўнага суда па пазове «Нашай Вясны» будзе вынесенае 12 жніўня
- 11.08.2009, 12:59
11 жніўня пракурор папрасіла Вярхоўны суд адмовіць у задавальненні скаргі заснавальнікаў аб'яднання.
Як паведаміў БелаПАН адзін з заснавальнікаў арганізацыі праваабаронца Валянцін Стэфановіч, рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі па скарзе заснавальнікаў грамадскай праваабарончай арганізацыі «Наша Вясна» на адмову ў рэгістрацыі будзе абвешчанае 12 жніўня.
11 жніўня ў Вярхоўным судзе адбыліся спрэчкі бакоў і выступіла пракурор Кастакава. Яна папрасіла Вярхоўны суд адмовіць у задавальненні скаргі заснавальнікаў аб'яднання.
«Яе меркаванне аб адмове ў задавальненні скаргі засноўваецца на тым, што чатыры чалавекі падалі нібыта недакладныя звесткі аб сваіх адрасах і месцы працы, — сказаў Стэфановіч. — У прыватнасці, адзін чалавек напісаў, што працуе выхавальнікам «у секцыі», у той час калі трэба было напісаць «у групе». Яшчэ адна заснавальніца напісала скарочаную назву навучальнай установы, у якой яна працуе; на думку Мінюста, трэба было паказваць поўную. І такія дробязі могуць стаць прычынамі адмовы ў задавальненні скаргі».
Па словах Стэфановіча, пракурор заявіла, што прэтэнзіі Мінюста да назвы арганізацыі, яе статута і да таго, што заснавальнікі «Нашай Вясны» прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, не з'яўляюцца прычынамі для адмовы ў рэгістрацыі.
На іх думку, «рашэнне па скарзе відавочнае».
«Хутчэй за ўсё, пасля выступлення пракурора нам адмовяць у рэгістрацыі», — выказаў меркаванне Стэфановіч.
Мінюст ужо тройчы адмаўляў праваабарончаму аб'яднанню ў рэгістрацыі.