BE RU EN

Ахоўнікі бабруйскага СІЗА збілі зняволенага да смерці

  • 11.08.2009, 13:15

Дзянiс Клімачоў загiнуў пасля таго, як быў збiты кантралёрамi бабруйскага следчага iзалятара. Крымiнальную справу хутка закрылi.

Як паведамляе газета «Звязда», у 2001 годзе Дзянiс Клiмачоў апынуўся ў бабруйскім СIЗА№5. Яму было 29 гадоў. Мужчына мусiў адбыць 3-месячнае пакаранне за нявыплату алiментаў. У турме ў Клімачова здарылася псiхiчнае расстройства і яго змясцiлi ў «камеру для неспакойных».

Ужо праз тыдзень знаходжання ў СIЗА Дзянiс Клімачоў памёр пры загадкавых абставiнах.

Судмедэксперты паставiлi дыягназ, з-за якога, на iх думку, памёр вязень — вострая недастатковасць кровазвароту, якую выклiкала кардыяпатыя алкагольнага генезу. Іншымі словамі, на думку медыкаў, Дзянiс Клімачоў памёр з-за… рэзкай адмовы ад алкаголю.

«Мы атрымалi тэлеграму, што Дзянiс памёр, — узгадвае падрабязнасцi смерцi вязня яго стрыечная сястра Алена Абрамовiч. — Калi пабачылi яго цела, дык не паверылi дыягназу судмедэкспертаў. Гэта былi чорныя гематомы, кровападцёкi, зламана адразу восем рэбраў, нос перакошаны набок… I мы зразумелi, што прычына смерцi Дзянiса — яго збiццё».

Але пракуратура Ленiнскага раёна Бабруйска не паставiла пад сумнеў высновы судмедэкспертаў.

За службовую халатнасць умоўна пакаралi галоўнага медыка СIЗА i дзяжурнага памочнiка начальнiка. На гэтым справу закрылi.

«Страшныя пабоi патлумачылi тым, што Дзянiс… сам сябе пакалечыў, — працягвае Алена Абрамовіч. — Судмедэксперты сцвярджалi, што ён бiўся галавой, рукамi, нагамi аб сцены камеры. Але як такое магло здарыцца? «Камера для неспакойных» вязняў абшытая гумай, каб яны не маглi сябе траўмаваць. Пазней судмедэксперты прызналi, што гематомы Дзянiс атрымаў у вынiку 33-35 кантактаў з тупым прадметам. Медыкi не выключылi, што гэта магла быць гумовая палка».

Некалькi гадоў сястра забітага дабiвалася ўзнаўлення следства, пiсала лiсты ва ўсе iнстанцыi. Пасля таго як яна звярнулася ў адмiнiстрацыю Лукашэнкі, справай зацiкавiлася Генпракуратура.

Праз пяць гадоў пасля здарэння праваахоўным органам сталi вядомыя жахлiвыя падрабязнасцi смерцi Дзянiса ў бабруйскiм СIЗА.

«Супрацоўнiкi СIЗА смяялiся, потым пачулiся ўдары…»

Дзянiса Клiмачова збiлi дзяжурныя кантралёры ў ноч яго смерцi. Пра гэта паведамiлi сведкi — жанчыны, якiя чакалi сваiх судовых пасяджэнняў у СIЗА№5.

«Сведка Хрушчынская паказала, што побач з яе камерай на адлегласцi каля метра змяшчалася камера 39 для супакаення непаслухмяных вязняў, — паведамляе Генпракуратура у апошнiм пратэсце, накiраваным у Вярхоўны Суд. — У камеры ўтрымлiваўся малады мужчына, у якога была «белая гарачка». Уначы 19 студзеня 2001 года з 3.00 да 3.30 яна прачнулася ад шуму, крычаў гэты асуджаны, клiкаў Ларысу, прасiў забраць яго. Супрацоўнiкi СIЗА смяялiся з гэтага, потым яна пачула глухiя ўдары па целе i просьбы маладога чалавека не бiць яго.

Калi яна i iншыя сукамернiцы сталi грукаць у дзверы i патрабаваць спынiць збiццё асуджанага, адчынiлася акно iх камеры для раздачы ежы, i яны пабачылі маладога чалавека, якi стаяў каля сцяны. Ён быў распрануты, а яго вопратка ляжала на падлозе. Кантралёр, якi адчынiў акенца камеры, загадаў iм супакоiцца. Асуджанага адвялi ў камеру 39, з якой яшчэ пэўны час даносiлiся галасы, а потым шум спынiўся. Ранiцай гэтага мужчыну знайшлi мёртвым».

Гэтыя ж абставіны апісала ў сваім расповядзе сведка Алена Шчаглова, яшчэ адна жанчына з камеры 37.

«Ён сядзеў у 39-й камеры, мы ў 37-й, -- распавядае жанчына. -- Яму было дрэнна. Усе казалi, што яму дрэнна. Прасiў «хуткую» выклiкаць. Вы ж ведаеце, як яны там б’юць. У пракуратуры бачыла фотаздымкi — быў такi сiнi, што на пахаваннi давялося штаны разразаць, каб надзець. Не паверу, што ён памёр ад сэрца».

Следчыя высветлiлi, што жанчыны кажуць праўду.

«Дакладнасць сведчанняў Хрушчынскай аб збiццi Клiмачова супрацоўнiкамi СIЗА пацвярджаецца шасцю яе сукамернiцамі», — сказана ў пратэсце Генпракуратуры.

Праз пэўны час пра збiццё вязня загаварылi i самі супрацоўнiкi СIЗА№5.

«Напэўна, кантралёрам захацелася пацешыцца»

Начальнiк медыцынскай службы iзалятара Васiль Пугач, якога ўмоўна асудзiлi за несвоечасовае аказанне дапамогi вязню, лiчыць, што прычынай смерцi Дзянiса Клiмачова сталi моцныя пабоi. «Звязда» сустрэлася з былым начмедам каля яго «хрушчоўкi» ў Бабруйску. Васiль Пугач упэўнены, што яго асудзiлi, каб прыкрыць тых, па чыёй вiне Клімачоў памёр.

— Калi б справу раскруцiлi па-сапраўднаму, паляцелi б галовы, — кажаВасiль Пугач. — Адназначна вам сказаць, што яго забiлi супрацоўнiкi СIЗА, я не магу. Але тое, што яго падштурхнулi, гэта дакладна. Адно рабро зламана — балiць. А тут было зламана аж восем. Сэрца не вытрымала. Судмедэксперт мне сказаў — справа быў удар тупым прадметам, альбо гумовай палкай, альбо ботам. Адразу ж былi зламаныя чатыры рабрыны. Ён страцiў прытомнасць, магло быць рэфлекторнае спыненне сэрца. А злева чатыры рабры таксама зламаныя былi, але здарылася гэта з-за сцiскання. Магчыма, Клiмачову рабiлi масаж сэрца. Але ён памёр. Усё гэта яны схавалi да ранiцы.

Але суддзi палiчылi, што гэта вы не здолелi своечасова дапамагчы вязню

— Была ноч, мяне на той момент у СIЗА не было, нiхто не ведаў, што яго б’юць. Звычайна медыкi працуюць у iзалятары да 10 вечара.

Падчас допытаў кантралёры казалі, што Клiмачова збiвалi i да гэтай начы…

— Фельчар аглядаў яго ранiцай, было ўсё нармальна. Маглi быць гематомы, але ён вязня, вядома, не распранаў… Я не разумею, за што яго бiлi. Ну «дэман», ну «псiх» (так на жаргоне называюць вязняў, у якiх здарылася псiхiчнае расстройства). Па матэрыялах справы яны i каталiся на iм, i ганялi яго. Напэўна, кантралёрам проста захацелася пацешыцца.

Пасля таго, як падрабязнасці пра смерць Дзяніса Клiмачова сталі вядомыя следству, была заведзеная новая крымiнальная справа. Суд Глускага раёна судзiў кантралёра Мазгавога, якi непасрэдна сачыў за камерай Клiмачова i выводзiў вязня ў калiдор. Але давесцi, што менавiта гэты кантралёр збiваў вязня (а з Дзянiса здзеквалася некалькi чалавек) следчыя не змаглi.

Такiм чынам, вытворчасць крымiнальнай справы ў дачыненнi да Мазгавога была спыненая з прычыны… «сканчэння тэрмiна даўнасцi». Iншых кантралёраў, якiя здзекаваліся з Клiмачова, назвалi «нявызначанымi асобамi». Забойцы засталіся на свабодзе.

На магiле Дзянiса Клімачова выбiты словы з песнi Вiктара Цоя: «Смерць вартая таго, каб кахаць», а над гэтым надпiсам — выява тэнiснай ракеткi.

«Дзянiс не быў п’янiцам, якiм яго паспрабавалi выставiць, — кажа стрыечная сястра забітага. — Ён з дзяцiнства займаўся настольным тэнiсам, гуляў у футбол, за свой прафсаюз увесь час удзельнiчаў на абласных спаборнiцтвах».

Пасля смерці Дзяніса Клімачова прайшло сем гадоў. Невядома, цi не пацярпеў за гэты час нехта яшчэ ад злачынстваў кантралёраў.

Апошнія навіны