За кантрабанду 90 пачкаў цыгарэтаў у беларуса хочуць канфіскаваць машыну
- 3.08.2009, 12:40
На памежным пункце ў жыхара Беларусі знайшлі кантрабанду цыгарэтаў агульным коштам на 91 тысячу беларускіх рублёў.
Як паведамілі БелТА ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, за нелегальнае перасоўванне праз мяжу 90 пачкаў цыгарэтаў грамадзянін Беларусі можа пазбавіцца аўтамабіля.
У пункце пропуску «Брузгі» пры афармленні на выезд па зялёным канале аўтамабіля «Сітраен» службовы сабака знайшоў схаваныя ад мытні цыгарэты. У заднім бамперы і пад абшыўкай капота машыны грамадзянін Беларусі схаваў 90 пачкаў цыгарэтаў.
Цікава, што кошт цыгарэт складае Br91 тыс., у той час як аўтамабіль, на які разам з таварам накладзены арышт, каштуе Br12 млн. Не выключана, што за незаконнае перасоўванне тавара ў схованцы ўладальнік аўтамабіля можа пазбавіцца свайго транспартнага сродку.
У падобнай сітуацыі апынуўся і кіроўца мікрааўтобуса «Пежо». Ён абсталяваў у сваёй машыне падвойнае дно з фанеры і праз пункт пропуску «Новая Рудня» спрабаваў увезці ў Беларусь 20 сотавых тэлефонаў «Нокіа». Тэлефонныя апараты і машына кантрабандыста таксама чакаюць рашэння суду.