BE RU EN

Імя новага кіраўніка Офіса АБСЕ у Менску пакуль невядомае

  • 11.09.2009, 13:04

Кансультацыі ў Вене працягваюцца, але кандыдатуры на пасаду не называюцца.

Пакуль невядома, хто стане новым кіраўніком Офіса АБСЕ у Менску, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар прадстаўніцтва АБСЕ у Менску Вадзім Харцінг.

Па словах Харцінга, цяперашні кіраўнік Офіса Ханс-Ёхан Шміт 11 верасня з'яжджае ў адпачынак. Афіцыйна ён застаецца на пасадзе кіраўніка місіі да 30 верасня. Аднак пакуль невядома, ці вернецца Шміт у Беларусь пасля адпачынку.

Харцінг таксама паведаміў, што 8 верасня супрацоўнікам місіі быў прадстаўлены новы намеснік кіраўніка Офіса АБСЕ - казахскі дыпламат Жандос Асанаў. Раней ён займаў пасаду дарадцы-пасланца прадстаўніцтва Казахстана пры АБСЕ у Вене.

Нагадаем, Ханс-Ёхан Шміт заняў пасаду кіраўніка менскага офіса АБСЕ у лютым 2008 года. У апошні час прадстаўнікі беларускай апазіцыі неаднаразова выказвалі нездаволенасць дзеяннямі і выказваннямі дыпламата.

Вядома як мінімум пра 4 скаргі на Шміта, якія былі пададзеныя ў цэнтральны офіс АБСЕ у Вене - ад прадстаўнікоў міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія), ад Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, а таксама ад былой супрацоўніцы і былога кіраўніка офіса.

Так у інтэрв'ю БелаПАН Ханс-Ёхан Шміт заявіў, што ад беларускіх уладаў не варта патрабаваць «фундаментальных радыкальных зменаў». Ён таксама сказаў, што засяроджванне ўвагі толькі на правах чалавека супярэчыць інтэрасам АБСЕ.

8-10 чэрвеня ў Менск прыязджаў прафесар з універсітэта Пасаўм Марцін Фінке (Германія), які таемна вывучыў справу ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Гэты эксперт прыязджаў інкогніта і зрабіў заключэнне, што ў справе палітвязня Мікалая Аўтуховіча ніякіх парушэнняў няма - усё законна. Заключэнне было адпраўленае ў амбасады еўрапейскіх краінаў, акрэдытаваныя ў Менску.

Як стала вядома пазней, ініцыятарам прыезду ў Менск нямецкага эксперта Марціна Фінке, стаў Ханс-Ёхан Шміт. Пры гэтым сам факт прыезду нямецкага эксперта стаў вядомы толькі пасля таго, як ён скончыў вывучэнне справы Мікалая Аўтуховіча. Праваабаронцы адзначаюць, што падчас знаходжання ў Беларусі Марцін Фінке нават не сустрэўся з адвакатам і самім падследным.

Апошнія навіны