ПЦ «Вясна»: Улады Беларусі ў чарговы раз прадэманстравалі поўнае ігнараванне правоў чалавека
- 11.09.2009, 16:57
Праваабаронцы пратэстуюць супраць жорсткага разгону акцыі «Не – расейскай акупацыі!», якая адбылася ў Менску 9 верасня.
З заявай на гэты конт выступіў праваабрончы цэнтр «Вясна»:
«9 верасня 2009 года у Менску была асабліва жорстка разагнаная мірная акцыя грамадзян, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу сталіцы, каб выказаць сваё меркаванне наконт удзелу расейскіх вайсковых фармаванняў у сумесных беларуска-расейскій вайсковых вучэннях.
Супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя больш за 20 чалавек, 17 з якіх пазней былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Пры гэтым затрыманні суправаджаліся выкарстаннем фізічнай сілы і спецсродкаў у дачыненні да ўдзельнікаў мірнага сходу.
Апроч гэтага, Праваабарончы цэнтр «Вясна» валодае звесткамі пра тое, што ў адносінах да затрыманых грамадзян супрацоўнікі МУС ужывалі катаванні. Падчас знаходжання затрыманых грамадзян у спецтранспарце і будынку РУУС Цэнтральнага раёна Менску ў дачыненні да іх ужываўся фізічны гвалт, а таксама жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказвае рашучы пратэст і расцэньвае дзеянні беларускіх уладаў, як чарговы факт парушэння правоў чалавека.
Свабода мірных сходаў і выказвання свайго меркавання з’яўляюцца адным з асновапалагаючых прынцыпаў дэмакратычнага грамадства, і іх сістэматычнае парушэнне сведчыць пра нежаданне беларускіх уладаў праводзіць рэальныя дэмакратычныя рэформы ў краіне.
Асаблівую занепакоенасць выклікаюць факты выкарыстання катаванняў да затрыманых грамадзян. Варта адзначыць, што органы пракуратуры не даюць належную прававую ацэнку падобным дзеянням, не прыцягваюць вінаватых да вызначанай законам адказнасці, што ў сваю чаргу прыводзіць да адчування безпакаранасці ў некаторых прадстаўнікоў міліцыі і як вынік, прыводзіць да рэцыдываў падобных прыкрых фактаў.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» настойлівае заклікае ўлады Беларусі на справе прадэманстраваць скіраванасць на дэмакратызацыю ў краіне, на практыцы забяспечыць выкананне міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Правааборончы цэнтр «Вясна» заклікае органы пракуратуры правесці пракурорскія праверкі па фактах перавышэня службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі і прыцягнуць вінаватых да вызначанай законам адказнасці».