BE RU EN

Еўразвяз асудзіў разгон акцыі 16 верасня і гвалт супраць апазіцыі ў Беларусі

  • 18.09.2009, 9:39

Швецыя, якая старшынюе ў Еўразвязе, выступіла з заявай, што асуджае разгон мірнай акцыі салідарнасці ў Менску.

«Як краіна, якая старшынюе ў Еўрапейскім Звязе, Швецыя заклікае беларускія ўлады ўстрымацца ад ужывання сілы ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, а таксама абараніць прадстаўнікоў незалежных СМІ ад умяшання ў іх працу», -- кажацца ў заяве, якую цытуе сайт «Еўрапейская Беларусь».

Старшынства ЕЗ заклікала беларускія ўлады да рэформаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека.

Нагадаем, што 16 верасня на Кастрычніцкай плошчы Менска былі затрыманыя 35 актывістаў апазіцыі, якія мелі намер правесці акцыю з нагоды 10-годдзя знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктара Ганчара і бізнесмена, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага. Удзельнікі акцыі выстраіліся на ўскрайку плошчы ўздоўж праспекта Незалежнасці ў ланцуг з партрэтамі зніклых. Практычна адразу ж ўдзельнікаў акцыі блакавалі супрацоўнікі АМАПа, адгарадзіўшы іх ад праезжай часткі праспекта. З ужываннем сілы дэманстрантаў запіхалі ў міліцэйскія аўтобусы і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна.

Міліцыя таксама перашкаджала журналістам праводзіць фота- і відэаздымку.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў міліцыі дэманстранты «перанеслі збіццё, катаванні (іх прымусілі стаяць напрацягу некалькіх гадзінаў нерухома з узнятымі рукамі тварам да сцяны, ставілі на «расцяжку», г.зн. у становішча, пры якім ногі расстаўленыя максімальна шырока) і зневажанні (амапаўцы пагражалі дзяўчатам згвалтаваннем); у іх адрас увесь час гучалі пагрозы і нецэнзурная лаянка.

Апошнія навіны