BE RU EN

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі адмовіўся сустрэцца з праваабаронцамі

  • 18.09.2009, 14:42

Група з 30 жанчын, не згодныя з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваіх блізкіх, не здолела 17 верасня трапіць на прыём да Уладзіміра Макея.

Жанчыны з усіх рэгіёнаў краіны, акрамя Гарадзенскай вобласці, 17 верасня прыбылі ў Менск на асабісты прыём у кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, пра які было абвешчана яшчэ сёлета ў жніўні. Аднак у абвестцы не быў пазначаны час пачатку прыёма кіраўніком адміністрацыі. Пасля таго як мы напісалі заяву на прыём, ніхто з нас не атрымаў запрашэння, а супрацоўнікі прыёмнай адмаўляліся паведамляць нам час пачатку прыёма, прызначаны на 15.00. Вось чаму мы прыбылі ў Адміністрацыю прэзідэнта а 9 гадзіне і прачакалі ўвесь дзень у надзеі быць прынятымі і пачутымі», — сказала праваабаронца Галіна Юбко БелаПАН.

Паводле яе словаў, у 16.30 загадчык прыёмнай Адміністрацыі прэзідэнта Пётр Катушкін прапанаваў прыняць калектыўны зварот 30 просьбітак альбо накіраваць яго па пошце.

У сваім звароце на імя Макея, адпраўленым па пошце, падпісанты адзначаюць, што на працягу апошніх гадоў на свае скаргі на адрас Вярхоўнага суда і Генеральнай пракуратуры заяўнікі атрымліваюць фармальныя адпіскі ад чыноўнікаў. «Паводле ж артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь «службовыя асобы абавязаныя разгледзіць зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін». Такім чынам, парушана нашае права на адказ па сутнасці пытанняў, пастаўленых у скаргах», — падкрэсліваецца ў звароце.

Яго аўтары паведамляюць, што для вырашэння праблемы адпісак яны шмат разоў на працягу ліпеня-верасня падавалі калектыўныя звароты Генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу і старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу. І калі генпракурор сустрэўся з просьбіткамі, «прызнаў існаванне адпісак і паабяцаў яе вырашыць», то «старшыня Вярхоўнага суда ўвогуле адмовіўся абмяркоўваць гэтую праблему». «Аднак дагэтуль у адпаведнасці з законам краіны яшчэ не перагледжана ніводная нашая скарга, а вось адпіскі мы зноў пачалі атрымліваць», - адзначаецца ў звароце.

Яго аўтары «настойліва» просяць Макея сустрэцца з імі «для абмеркавання праблемы адпісак і далейшага даклада Аляксандру Лукашэнку».

Група жанчын, пацярпелых ад асоба цяжкіх злачынстваў і не згодных з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваіх блізкіх, узнікла ў пачатку 2007 года.

Апошнія навіны