Расейскія самалёты бамбуюць беларускую зямлю (Відэа)
- 22.09.2009, 12:19
Расейскія лётчыкі нанеслі ўдары па цэлях і правялі дэсантаванне з верталётаў на палігоне Абуз-Лясноўскі.
Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у аб'яднаным прэс-цэнтры аператыўна- стратэгічнага вучэння «Захад-2009».
«Пілоты армейскай авіяцыі разам з беларускімі калегамі вывучылі асаблівасці выканання задачаў па нанясенні ўдараў па розных вучэбных цэлях, схему баявога прымянення па падаўленні агню тактычных пазіцыяў, а таксама высадку дэсанта з верталётаў Мі- 8», - распавялі ў прэс-цэнтры.
Там таксама адзначылі, што экіпажы Су-27 ВПС Расеі адпрацавалі элементы паветранага бою.
Нагадаем, што ў манеўрах «Захад-2009» удзельнічаюць больш за 12 тысячаў вайскоўцаў і некалькі сотняў адзінак баявой тэхнікі. Ніколі раней на тэрыторыю нашай краіны не ўваходзіла такая колькасць расейскіх вайскоўцаў – 6 тысячаў салдатаў.
У вучэнні задзейнічаная баявая і спецыяльная тэхніка, у тым ліку 103 лятальных апараты (63 самалёты і 40 верталётаў), каля 470 баявых браняваных машынаў, 228 танкаў, 234 самаходных і буксаваных артылерыйскіх прыладаў, мінамётаў і рэактыўных сістэмаў залпавага агню.
Адной з мэтаў вучэнняў называецца ліквідацыя ўзброеных канфліктаў, але беларускія дэмакратычныя сілы ўпэўненыя, што вучэнні нясуць пагрозу незалежнасці Беларусі.