Анатоль Лябедзька: Швецыя не гандлюе каштоўнасцямі
- 22.09.2009, 14:30
Лідэры апазіцыі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі сустрэліся з кіраўніком знешняй палітыкі Еўразвяза.
Па запрашэнні міністра замежных спраў Швецыі Карла Більдта беларускія дэмакраты здзейснілі двухдзённую працоўную паездку ў Стакгольм. Пра вынікі візіту ў Швецыю сайт ucpb.org гутарыць са старшынём Нацыянальнага Камітэта АДС, лідэрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам.
-- Чым выкліканая неабходнасць паездкі ў Швецыю?
-- Запрашэнне ў Стакгольм гэта асабістая ініцыятыва Карла Більдта, які старшынюе ў Еўрапейскім Звязе. І гэта з’яўляецца сведчаннем таго, што дэмакратычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць Беларусі застаюцца стратэгічным партнёрам Еўрапейскага Звяза. У такой сітуацыі лагічна, што паміж партнёрамі ідзе дыялог, адбываецца абмен меркаваннямі, абмяркоўваюцца перспектывы ўзаемадзеяння.
-- Выклікае ўвагу, што Більдт сустракаецца з беларускай апазіцыяй, а паралельна кіраўніцтва Літвы вядзе перамовы з Лукашэнкам. Ці няма тут абмену вашай паездкі ў Стакгольм, на адчыненне дзвярэй для беларускага кіраўніка ў Еўрапейскі Звяз?
-- Гэтага нельга выключаць, але пры гэтым варта нагадаць, што за некалькі дзён да з’яўлення Лукашэнкі ў літоўскай сталіцы я, Аляксандр Казулін і Павал Севярынец правялі сустрэчы з прэм’ер-міністрам, міністрам замежных спраў і кіраўніком парламента Літвы. Ініцыятыва таксама сыходзіла ад літоўскага бока. Мяркую, што мы здолелі паўплываць на пытанні, унесеныя ў парадак дня для будучых сустрэч з беларускім кіраўніком.
-- З чым вы прыехалі ў Швецыю? І ці была агульная пазіцыя на сустрэчах, тым больш што склад дэлегацыі быў дастаткова стракатым.
-- Сапраўды восем чалавек гэта патэнцыйна восем меркаванняў. Але казалі, увогуле, усё адным голасам. Наш галоўны пасыл змясціўся ў адну фразу – крэдыты і інвестыцыі ў абмен на свабодныя выбары і мараторыі на палітычныя рэпрэсіі.
-- І гэта была агульная пазіцыя?
-- Так. Яе сільны бок у тым, што ў ёй спалучаюцца не толькі агульны, але і карпаратыўны інтарэс. Свабодныя выбары не могуць праходзіць без свабоднай прэсы, і гэта не можа не падтрымлівацца Жаннай Літвіной, якая прадстаўляла журналісцкую супольнасць. Свабодныя выбары ніяк не стыкуюцца з адсутнасцю рэгістрацыі іх патэнцыйных удзельнікаў. А гэта ўжо інтарэс аргкамітэтаў партый, якія ўзначальваюць Павал Севярынец і Уладзімір Навасяд. Палітвязні несумясцімыя са свабоднымі выбарамі. І пра гэта лепей за Аляксандра Казуліна і Артура Фінькевіча сказаць наўрад хто змог.
-- Якая рэакцыя на ваш пасыл з боку шведскіх палітыкаў?
-- Карл Більдт сказаў, што «пры выдачы беларускаму боку крэдытаў неабходна ўлічваць як эканамічныя, так і палітычныя крытэры». Гэта вельмі важная заява. Апроч Карла Більдта мы таксама сустракаліся з міністрам міжнароднага развіцця і супрацоўніцтва Гунілай Карлсан, міністрам па справах Еўрапейскага Звяза Сесіліяй Мальмстрэм, а таксама з дэпутатамі Рыксдага.
-- Ці былі агучаныя нейкія канкрэтныя прапановы і ініцыятывы падчас гэтых сустрэч?
-- Мы абмеркавалі шэраг канкрэтных прапаноў. У прыватнасці перспектыву ўвядзення пасады спецпрадстаўніка Еўразвяза па Беларусі, стварэнне сумесных экспертных працоўных груп у рамках праграмы «Усходняе партнёрства» і правядзенне ў перыяд старшынства Гішпаніі спецканферэнцыі па Беларусі.
-- Няўжо вы думаеце, што нейкая прэс-канферэнцыя вырашыць беларускія праблемы?
-- У гэтай ініцыятывы дзве задачы: ангажаваць Гішпанію і пачаць рэальны перамоўчы працэс улады і апазіцыі пры пасярэдніцтве ЕЗ.
Давайце глядзець наперад. Праз тры месяцы старшынства ў ЕЗ перойдзе да Гішпаніі. Відавочна, што цікаўнасць у Мадрыда да Беларусі ў раёне нулявой адзнакі. У гэтай сітуацыі ініцыятыва міжнароднай канферэнцыі як сумеснай шведска-польскай ініцыятывы гэта добрая магчымасць уцягнуць Гішпанію ў беларускую праблематыку. Самастойна мы не ў стане гэта вырашыць, пры падтрымцы Швецыі гэта рэалістычны праект. Міністр Сільвія Мальстрэм на гэтым тыдні будзе сустракацца са сваім гішпанскім калегам і абмяркуе гэту прапанову. Практычна рэалізацыя дадзенай ініцыятывы можа стаць пачаткам рэальнага перамоўчага працэсу, якога сёння няма ні ўнутры краіны, ні паміж Менскам і Брусэлям.
-- А якая перспектыва ўвядзення пасады спецпрадстаўніка ЕЗ па Беларусі?
-- Ажыццявіць гэта не проста, але прыхільнікі пераменаў у Беларусі аб’ектыўна зацікаўленыя ў гэтым. Немагчыма разлічваць на вынік, калі няма сістэмнай працы, калі адсутнічае стратэгія і план дзеянняў. У таго ж Більдта сотні іншых праблем і Беларусь, канешне ж, не прыярытэт. Кожныя шэсць месяцаў у ЕЗ мяняецца старшыня, а значыць па Беларусі працуюць увесь час новыя людзі. У такой сітуацыі выпрацаваць штосьці сістэмнае складана і праблематычна. Значыць, патрэбны чалавек у Брусэлі, які пастаянна працуе па беларускай праблематыцы, які адказвае за вынік. Вобразна кажучы нам патрэбны тэлефон, які працуе 365 дзён на год, а не толькі ў перыяд паездак у краіны Еўразвяза.
-- Ці не з’явіцца ў такой сітуацыі Шмідт №2?
-- Здараецца, што снарад трапляе два разы ў адну і тую ж калонку. Разам з тым відавочна, што з’яўленне двайніка малаверагоднае хаця б таму, што Брусэлю не трэба аглядацца на Чырвоны дом. Ніякіх узгадненняў кандыдатуры спецпрадстаўніка з беларускімі ўладамі не патрабуецца.
-- Швецыя адрэагавала на гвалтоўны разгон людзей, якія сабраліся на плошчы ў 10 гадавіну выкрадання Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Ці была якая-небудзь дыскусія па гэтай праблеме?
-- Да гонару шведскага боку, і асабіста Карла Більдта рэакцыя была хуткая і адэкватная. Нікога ўгаворваць доўга не прыйшлося. Зараз у Еўропе дакладна акрэсліліся дзве тэндэнцыі па выбудоўванні адносінаў з афіцыйным Менскам. Адна базуецца на каштоўнасным складніку, іншая на эканамічным прагматызме. Дык вось Швецыя акурат тая краіна, якая не гандлюе каштоўнасцямі.