BE RU EN

У Менску зносяць пасёлак навукоўцаў Акадэміі навук (Фота)

  • 23.09.2009, 9:21

Людзі атрымалі дазвол і крэдыт на будаўніцтва дамоў усяго некалькі гадоў таму, а зараз іх разбураць.

Ужо некалькі месяцаў жыхары завулка Лошыцкага і вуліцы Юбілейнай (сталічны мікрараён Лошыца) знаходзяцца ў стане шоку. 16 ліпеня яны атрымалі ліст з Белгіпразема пра знос іх дамоў, які мае адбыцца. На гэтым месцы сталічныя ўлады вырашылі пабудаваць жылы мікрараён Лошыца-5.

І усё б нічога, калі б горад хацеў замяніць старыя і лядашчыя халупы без каналізацыі і вадаправода на шматпавярхоўкі з ўсімі выгодамі. Але на тым месцы, дзе ў будучыні запланавалі пабудаваць спальны мікрараён, стаяць добраўпарадкаваныя катэджы з ўсімі камунікацыямі. Гэта не велізарныя палацы з вежамі і калонамі, а звычайныя дамы з садам-агародам, акуратнымі платамі, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

«Няўжо нам прыйдзецца зноўку пачынаць будоўлю?»

- Два гады таму мы ўзялі крэдыт як шматдзетная сям'я. У нас трое дзяцей, - распавядае жыхарка аднаго з дамоў Святлана Садоўская. - Атрымалі ўсе дазволы, усё ўзгаднілі. Цяпер кожны месяц выплачваем крэдыт дзесьці 1 млн. 200 тысячаў рублёў. Калі нам давалі гэтыя грошы, мы глядзелі Генплан Менска, цікавіліся, ці можна тут будавацца. Нам сказалі, што завулак Лошыцкі і вуліца Юбілейная захаваюцца ў тым выглядзе, у якім ёсць зараз. А цяпер, атрымліваецца, нам трэба кудысьці пераязджаць і пачынаць усё зноўку?! Я нават падумаць пра гэта баюся.

- Наш пасёлак з'явіўся ў канцы 50-х гадоў, калі для вядучых супрацоўнікаў інстытута бульбаводства і плодагароднінаводства тут пабудавалі дамы з прысядзібнымі ўчасткамі, - распавядае суседка Дзіна. - Тут жывуць вядучыя селекцыянеры, заслужаныя аграномы, кандыдаты, дактары навук… Шмат хто жыве сем'ямі з некалькіх пакаленняў.

Дарэчы, бабуля мужа Дзіны працавала адной з кухарак у гауляйтера Кубэ (у гады вайны намеснік Гітлера ў Беларусі), потым яе з дзецьмі пагналі ў канцлагер, і ўжо пасля вайны яны вярнуліся назад у Лошыцу. Сям'я Дзіны больш за сем гадоў пражыла ў Чыкага. А нядаўна прыехалі ў Менск і пасяліліся ў доме бацькоў мужа ў гэтым самім Лошыцкім завулку.

Спачатку хацелі не знасіць, а потым перадумалі

Як толькі жыхары пасёлка атрымалі ліст, яны адразу ж напісалі звароты ва ўсе магчымыя інстанцыі.

Вось такі адказ напісалі чыноўнікі з мэрыі 11 верасня гэтага года: «У мэтах забеспячэння падрыхтоўкі тэрыторыяў для будаўніцтва шматпавярховага жылля… Менгарвыканкам рашэннем ад 28.05.2009 года №1210 зацвердзіў горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання жылога мікрараёна Лошыца, паводле якога тэрыторыя сядзібнай забудовы зав. Лошыцкага і вул. Юбілейнай падлягае зносу з заменай на жылую шматкватэрную.

Да зацвярджэння гэтага горадабудаўнічага праекту разглядаліся магчымасць частковага захавання сядзібнай забудовы. Аднак горадаэканамічная ацэнка паказала немэтазгоднасць яе захавання».

- Як праводзілі гэтую ацэнку? Хто гэта рабіў? І чаму ацанілі менавіта так, нам ніхто так і не патлумачыў, - задаецца пытаннямі Святлана.

- У пары сотняў метраў ад нашых дамоў - велізарнае поле. Цалкам пустое! - дадае Дына. - Там і зносіць жа нікога не трэба. Проста прыходзь і будуй. Але замест гэтага хочуць выселіць нас.

На жаль, атрымаць падрабязнае тлумачэнне ў мэрыі мы не змаглі.

- Рашэнне прынятае паводле генеральнага плану. Усім гэтым грамадзянам (якія жывуць у сядзібнай забудове. - Рэд.) дадзеныя пісьмовыя падрабязныя тлумачэнні, - сказалі нам у камітэце архітэктуры і будаўніцтва Менгарвыканкама.

Так, па беларускіх законах жыхарам дамоў, якія ідуць пад знос, належыць кампенсацыя. Напрыклад, пасля таго як вызначаць, колькі каштуе дом, могуць даць новую кватэру ці грошы на будаўніцтва дома.

- Але ж справа не толькі ў грошах! - ледзь не плача Святлана. - А хто ацэніць працу, якая была ўкладзеная ў дом, у будоўлю? Як ацаніць маральную шкоду ад таго, што ты рабіў нешта, каб жыць, пакінуць дзецям, а потым проста перастаеш быць гаспадаром свайго ж дома?!

Апошнія навіны