Анатоль Лябедзька: Чаму маўчаць іншыя еўрапейскія краіны?
- 23.09.2009, 14:09
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі не разумеюць маўчанне краін Еўразвяза на жорсткія дзеянні ўладаў пры разгоне мірных акцый.
Палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыняла спецыяльную заяву аб разгоне мірнай акцыі, якая адбылася 16 верасня ў Дзень салідарнасці ў Менску і была прысвечана 10-й гадавіне знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
У інтэрв’ю «Радыё Свабода» лідэр АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што гэты дакумент звернуты да міжнароднай супольнасці.
«Мы вітаем рэакцыю Швецыі як краіны, якая зараз старшынюе ў Еўразвязе, -- сказаў беларускі палітык. -- Яна выказала заклапочанасць разгонам беларускімі ўладамі мірнай дэманстрацыі ў Менску. Швецыя заклікала ўлады ўстрымацца ад выкарыстання сілы ў дачыненні да мірных дэманстрацый і забяспечыць магчымасць прадстаўнікам незалежных медыяў выконваць сваю працу без знешняга ўмяшання».
Пры гэтым Анатоль Лябедзька не разумее маўчанне іншых еўрапейскіх краін.
«Нам не зразумела, чаму маўчаць іншыя еўрапейскія сталіцы, -- заявіў Лябедзька. -- Мы чакалі адпаведнай рэакцыі ад нацыянальных парламентаў і ўрадаў на брутальныя дзеянні беларускіх уладаў па разгоне абсалютна мірнай акцыі. Мы спадзяемся, што наша заява прыцягне ўвагу парламентаў і ўрадаў многіх дзяржаў. Нам падаецца, што яны вельмі ўважліва прааналізуюць сітуацыю ў Беларусі, перад тым як у кастрычніку ў Брусэлі абвесцяць сваё рашэнне ў дачыненні да Беларусі».
Нагадаем, што ў выніку жорсткіх дзеянняў уладаў 9 і 16 верасня ў пастарункі міліцыі трапілі дзесяткі ўдзельнікаў мірных акцый. Людзей збівалі і катавалі. Таксама падчас акцый людзі ў цывільным сілавымі метадамі перашкаджалі працы прадстаўнікам беларускіх і замежных СМІ.