Эксперты па cвабодзе слова Пяткевіч не паверылі
- 24.09.2009, 9:09
Агульнае ўражанне міжнароднай журналісцкай місіі ад візіту ў Беларусь – негатыўнае. Свабоды слова ў краіне няма.
Пазней міжнародныя эксперты зробяць афіцыйную заяву, паведамляе «Ежедневник».
Нягледзячы на тое, што прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, якія займаюцца пытаннямі СМІ і свабоды прэсы, неаднаразова зазначалі, што мэта іх візіту была не ў тым, каб даказваць беларусам неабходнасць дэмакратычных рэформаў, а ўсяго толькі аказаць падтрымку айчынным СМІ, агульнае ўражанне ад сустрэчаў у гасцей засталося досыць негатыўным.
Асабліва гэта датычылася сустрэчаў з беларускімі чыноўнікамі. Так, еўрапейскі судырэктар Міжнароднай асацыяцыі журналістаў Марк Грубер, распавядаючы пра сустрэчу з першай намесніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталляй Пяткевіч, сказаў, што яны размаўлялі на розных мовах.
«Пытанні, якія мы закраналі, былі звязаныя з агульнай структурай функцыянавання СМІ у краіне, казалі пра распаўсюд прэсы, доступ да інфармацыі, акрэдытацыю журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі. Таксама - пра рэгуляванне тэле- і радыёчастотаў і пра рэгістрацыю электронных СМІ. Таксама казалі пра Закон «Аб СМІ», пра Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і пра некаторыя часткі крымінальнага кодэкса. Яна не была здзіўленая узнятымі намі пытаннямі. Але ў нас стварылася ўражанне, што спадарыня Пяткевіч не да канца разумее, што існуе непаслядоўнасць у адносінах да СМІ з рознай формай уласнасці. Напрыклад, Закон «Аб СМІ». Яшчэ летась міжнародныя журналісцкія арганізацыі звярталі ўвагу на яго асобныя артыкулы. Але Пяткевіч сказала, што з законам праблемаў няма. Ці гэтая праблема некаторых недзяржаўных СМІ, якія знаходзяцца па-за сістэмай распаўсюду. Яе пункт гледжання: «Але яны ж не забароненыя!», - сказаў Марк Грубер.
На некаторыя пытанні, заўважыў намеснік дырэктара арганізацыі «Індэкс цэнзуры» Рохан Асока Джаясякера, Наталля Пяткевіч наогул не звяртала ўвагі і папросту ігнаравала іх.
«Асабліва гэта датычыць момантаў, калі мы спрабавалі высветліць ролю, якую гралі ў сферы СМІ так званыя ўпраўленні па ідэалогіі. Ці пытанні пра тое, што СМІ з рознай формай уласнасці маюць крыху розныя ўмовы прысутнасці на медыя-рынку», - адзначыў ён.
Па словах прадстаўнікоў міжнародных журналісцкіх арганізацыяў, закранулі яны і пытанне магчымай прыватызацыі дзяржаўных СМІ. Паводле іх словаў, Пяткевіч прызналася, што гэтае пытанне цікавіць. Хаця б з той пазіцыі, што гэта дазволіць дзяржаве зэканоміць пэўныя сродкі. І, магчыма, яно нават будзе калі-небудзь разгледжанае. Вось толькі калі, намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі не ўдакладніла.
Сустракаліся ўдзельнікі міжнароднай місіі і з кіраўніцтвам «Белсаюздрука». Даведваліся, чаму яны не бяруць для распаўсюду некаторыя незалежныя СМІ. Адказ навізной не вызначаўся. Аказваецца, палітыка тут нібыта не пры чым - уся праблема ў недамоўленасцях паміж двума гаспадарчымі суб'ектамі. Гэта значыць: паміж аддзяленнямі «Белсаюздрука» і выдаўцамі незалежных газетаў. Па словах Марка Грубера, яны гэтым заявам не паверылі.
Па выніках сваёй паездкі прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў плануюць зрабіць афіцыйную заяву. Але - крыху пазней. Як патлумачыў дарадца па камунікацыі і інфармацыі Маскоўскага офіса ЮНЭСКА Марыюс Лукашунас, ім трэба яшчэ старанна прааналізаваць атрыманую інфармацыю і вызначыцца з агульнай пазіцыяй.