Пракуратура папярэдзіла журналіста «Радыё Рацыя»
- 25.09.2009, 9:09
Берасцейскі супрацоўнік «Радыё Рацыя» Зміцер Кісель атрымаў 24 верасня вуснае папярэджанне ад мясцовай пракуратуры за вядзенне журналісцкай дзейнасці без акрэдытацыі.
«Мне далі паперу, дзе напісана, што я парушыў, -- перадае прэс-служба БАЖ словы Зміцера Кісяля. -- Абавязалі, каб я ў хуткім часе напісаў заяву на акрэдытацыю, і каб больш такога не рабіў. Таму што, як мне сказалі ў пракуратуры, адзін, два, тры разы мы можам вас пагладзіць па галоўцы, а ўжо ў наступныя разы будзем ужываць іншыя метады барацьбы з такімі злоснымі парушальнікамі, як я. Паказалі, хто напісаў гэтую заяву на мяне. Яго напісала галоўнае ўпраўленне КДБ па Берасцейскай вобласці. Яны падрыхтавалі ўсе раздрукоўкі з інтэрнэту, дзе я згадваўся, усё гэта падшылі ў нейкую справу і здалі ў пракуратуру».
Варта адзначыць, што напярэдадні ў кватэру Зміцера Кісяля спрабавалі патрапіць двое невядомых мужчынаў у цывільным. Як заявіў журналіст, супрацоўнікі сілавых структураў хацелі прымусова даставіць яго ў пракуратуру.