Рэдактара газеты «ЛіМ» звольнілі за тое, што ён надрукаваў «няправільных» пісьменнікаў?
- 25.09.2009, 14:16
Галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва» Анатоля Казлова звольнілі з працы. Зараз яго абавязкі выконвае Мікалай Станкевіч.
Як адзначае газета «Наша Ніва», рэдактарская чахарда ў «ЛіМе» не спыняецца ад 2002—2003 гадоў. Тады ад кіраўніцтва адхілі старыя кадры і стварылі выдавецкі холдынг «ЛіМ».
«Галоўнымі прэтэнзіямі да Анатоля Казлова было тое, што ён даваў агляды творчасці пісьменнікаў, якія не ўваходзяць у дзяржаўны Саюз пісьменнікаў Беларусі», — сцвярджае блогер uzhyk, аўтар «ЛіМу», пісьменнік Міхась Южык.
Паводле ягоных словаў, за звальненнем стаяць «высокапастаўленыя кіраўнікі афіцыёзнага Саюзу пісьменнікаў Беларусі (СПБ)». Найперш – расейскамоўны паэт Анатоль Аўруцін.
Адзначым, што Аўруцін з’яўляецца сакратаром афіцыйнага Саюза пісьменнікаў.
«Чыноўнікі прапаноўвалі Аўруціна на галоўныя рэдактары «ЛіМа», -- адзначае блогер. -- І дзякуйце, спадары, Алесю Карлюкевічу, які сказаў, што тады ўся рэдакцыя падасць заявы на звальненне.
Міхась Южык засцерагае: «У выпадку русіфікацыі «ЛіМа» адбудзецца небывалае ў гісторыі, нечуванае нават пры СССР».