BE RU EN

Беларускія ўлады пагражаюць зачыніць офіс АБСЕ

  • 3.09.2009, 9:11

Адміністрацыя Лукашэнкі не бачыць падстаў для «палявой прысутнасці» АБСЕ ў краіне.

Беларускі бок вымушаны сур'ёзна задумацца над перспектывамі далейшай дзейнасці офіса, у тым ліку ў адносінах да прызначэння яго новага кіраўніка, тым больш што аб'ектыўных падстаў для існавання палявой прысутнасці АБСЕ ў Беларусі няма, паведамляе БелаПАН.

Пра гэта было заяўлена на сустрэчы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзіміра Макея з кіраўніком Офіса АБСЕ ў Мінску Хансам-Йохенам Шмідтам, паведамляе Першы канал.

Беларусь спадзяецца, што падобныя падыходы будуць адэкватна і з разуменнем успрынятыя ключавымі еўрапейскімі партнёрамі, з якімі беларускі бок гатовы і далей развіваць давяральны і адкрыты дыялог па ўсіх актуальных пытаннях, заявіў Макей.

Заява была зробленая ў сувязі з абставінамі датэрміновага пераводу Шмідта на іншую працу.

Па словах Макея, беларускі бок ясна разумее сутнасць і прычыны прад'яўленых супраць кіраўніка офіса папрокаў з боку асобных краін — сябраў АБСЕ і прадстаўнікоў радыкальнай апазіцыі, разглядае іх як непрымальныя і беспадстаўныя, якія маюць на мэце аказаць ціск на характар дзейнасці офіса ў цэлым, падарваць давер, які склаўся да яго з боку ўладаў Беларусі.

Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні супрацоўніцтва Беларусі з АБСЕ. Шміт «падрабязна расказаў пра працу, якая праводзіцца офісам для садзеяння беларускаму ўраду ў далейшым развіцці дэмакратычных працэсаў у краіне і лібералізацыі эканамічнай палітыкі, а таксама ажыццяўлення праектнай дзейнасці».

Макей «высока ацаніў намаганні Ханса-Йохена Шмідта, пад кіраўніцтвам якога дзейнасць офіса набыла ў апошні час устойлівы канструктыўны і ўзважаны характар». Офіс стаў «важным інструментам узаемадзеяння Беларусі з інстытуцыянальнымі структурамі АБСЕ, іншымі еўрапейскімі арганізацыямі».

Раней у інтэрв’ю БелаПАН Шмідт заявіў, што ён не адкліканы з Менску, а атрымаў новае запрашэнне.

Як паведамляў сайт www.charter97.org, тэрмін паўнамоцтваў нямецкага дыпламата мусіў быў скончыцца ў лютым 2010 года. Аднак амбасадар сыходзіць ужо ў верасні.

Як вядома, у АБСЕ пададзеныя некалькі скаргаў на дзеянні цяперашняга кіраўніка Менскага Офіса АБСЕ: ад прадстаўнікоў «Маладога фронта», ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл і ад былога кіроўцы офіса АБСЕ ў Менску Сяргея Гаранкова.

Варта адзначыць, што ў Менску дзейнасць Офіса АБСЕ ўжо даўно ацэньваюць неадназначна. Беларускія дэмакратычныя палітыкі ўпэўненыя, што цяперашняга мандата Офіса АБСЕ вельмі недастаткова для яго эфектыўнай працы ў Беларусі.

Таксама апазіцыянеры выказалі абурэнне ў сувязі з «двухсэнсоўнымі» заявамі кіраўніка Менскага Офіса АБСЕ.

Так раней у інтэрв’ю БелаПАН Ханс-Йохен Шмідт заяўляў, што ад беларускіх улад не варта патрабаваць «фундаментальных радыкальных змен».

Апошнія навіны