BE RU EN

Акцыі салідарнасці прайшлі 16 студзеня ў Бярозе і Гародні (Фота)

  • 18.01.2010, 10:14

Традыцыйная акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і выкрадзенымі палітыкамі і журналістам адбылася 16 студзеня ў рэгіёнах.

У горадзе Бяроза (Берасцейская вобласць) на мясцовым стадыёне з'явіліся надпісы з заклікам вызваліць палітвязняў. Як паведамляе сайт mfront.net, вуліцы Гародні 16 студзеня былі залепленыя партрэтамі вязня сумлення Арцёма Дубскага.

Дзесяткі партрэтаў палітвязня былі расклееныя актывістамі «Маладога Фронту» на інфармацыйных стэндах, рэкламных слупах і сценах будынкаў.

Нагадаем, што актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі ў ліпені быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па знакамітай «справе 14-ці» - тады 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да абмежавання і пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

У беларускіх турмах застаюцца і іншыя палітвязні. 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Менска.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Гародня

Бяроза

Апошнія навіны