На фронце перлюстрацыі без пераменаў (Фота)
- 20.01.2010, 10:01
Лісты, дасланыя беларусам з-за мяжы, працягваюць прыходзіць ускрытымі і ў пашкоджаным выглядзе.
У сваім блогу кіраўнік беларускага «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін зноў паведамляе: «Пісаў неаднаразова пра ўскрытыя капэрты, якія атрымліваю. Гэтым разам перлюстрацыю зведала мая п'еса, выдадзеная ў Германіі. Капэрта традыцыйна ўскрытая, вывучанае змесціва, залепленая паштовым скотчам, і прастаўленая пячатка «Паступіла ў вытворчасць «Менская пошта» у пашкоджаным выглядзе».
Публікую гэтыя фатаграфіі з зайздроснай рэгулярнасцю, але так і не магу для сябе адказаць на некалькі пытанняў:
1. Колькі чалавек па краіне занятыя гэтай грамадска-карыснай працай -- ускрыццём чужых капэртаў і вывучэннем іх змесціва?
2. Ці супрацьзаконныя гэтыя групы грамадзянаў, якія сядзяць пад дахам дзяржаўнай арганізацыі?
3. У якую суму штогод абыходзіцца падаткаплацельшчыкам утрыманне гэтых людзей?
4. Як называецца іх пасада -- што напісана ў іх працоўных кніжках?
5. Ці пішуць яны штодзённыя, месячныя і гадавыя справаздачы пра тое, што ўбачылі ў чужых карэспандэнцыях?
6. Ці кажуць яны сваім дзецям пра тое, кім працуюць?
7. Калі яны выхоўваюць сваіх дзяцей, ці кажуць ім пра тое, што нядобра браць чужое і падглядваць за пабочнымі?»