Лідэраў незалежных прафсаюзаў не пускаюць на заводы
- 23.01.2010, 9:32
Адміністрацыя Мазырскага НПЗ прыраўняла незалежны прафсаюз да пабочнай арганізацыі.
Старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) працаўнікоў ААТ «Мазырскі НПЗ» Юры Швец і яшчэ два супрацоўнікі прафсаюза 21 студзеня не змаглі патрапіць на працу.
Іх пропускі на тэрыторыю прадпрыемства былі заблакаваныя. Адміністрацыя прыраўняла прафсаюз да пабочнай арганізацыі і патрабуе, каб прафсаюзныя актывісты абмянялі пастаянныя пропускі на часовыя, паведамляе «Салідарнасць».
Першасная арганізацыя БНП дзейнічае на Мазырскім НПЗ ўжо 18 гадоў. Паводле словаў яе лідэра Юрыя Швеца, за гэты час ніколі не было пытанняў з доступам прафсаюзных актывістаў на тэрыторыю прадпрыемства. Праблемы пачаліся ў 2009 годзе.
«У мінулым годзе такое здаралася разоў пяць, - распавёў Юры Швец. - Яны ўсе рабілі выгляд, што гэта тэхнічныя збоі. Потым пад выглядам рамонту мне перакадавалі пропуск. Завод у нас працуе кругласуткава, і ў мяне быў кругласуткавы доступ. Я мог прыйсці ў любы час - ці мала што можа адбыцца, бо гэта вытворчы працэс ».
Раніцай, 21 студзеня, прафсаюзныя актывісты не змаглі патрапіць на сваё працоўнае месца. Больш за тое, наймальнік заявіў, што ўсе перамовы па гэтым пытанні з прафсаюзам спыняюцца.