BE RU EN

Нямеччына запатрабавала выдачы былога дыктатара Аргентыны

  • 25.01.2010, 14:13

Нямеччына выдала міжнародны ордэр на арышт былога аргенцінскага дыктатара Хорхе Рафаэля Відэлы.

Як паведамляе AFP са спасылкай на заяву прадстаўніка пракуратуры Нюрнберга, ордэр выдадзены ў сувязі з расследаваннем забойства нямецкага студэнта Рольфа Ставаў’ёка, здзейсненага ў 70-х гадах.

Некалькі гадоў таму расследаванне забойстваў жыхароў Нямеччыны ў перыяд дыктатуры Відэлы было спынена ў сувязі з недахопам доказаў. Аднак парэшткі адной з ахвяраў удалося ідэнтыфікаваць, у сувязі з чым расследаванне вырашылі аднавіць, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка нямецкай пракуратуры.

У Нямеччыне адзначаюць, што Аргенціна наўрад ці дасць згоду на экстрадыцыю Відэлы. Аднак міжнародны ордэр моцна абмяжуе перамяшчэнне былога дыктатара. Цяпер ён будзе моцна рызыкаваць, калі вырашыць выехаць за межы сваёй краіны. У жніўні 2009 года Хорхе Рафаэлю Відэле споўнілася 84 гады.

Відэла прыйшоў да ўлады ў выніку дзяржаўнага перавароту ў сакавіку 1976 года. Ён кіраваў краінай на працягу пяці гадоў. У сакавіку 1981 года дыктатар сышоў у адстаўку, а пост прэзідэнта заняў Раберта Эдуарда Віёла. Самога Відэлу лічаць адным з самых крывавых дыктатараў таго перыяду.

У 1985 годзе трыбунал прысудзіў былога дыктатара да пажыццёвага зняволення за масавыя забойствы, катаванні і выкраданні дзяцей. У прыватнасці, Відэлу абвінавачвалі ў тым, што ў час яго праўлення у палітычных зняволеных адбіралі дзяцей і аддавалі на выхаванне яго прыхільнікам.

У 1990 годзе ён быў памілаваны. У 1998 годзе Хорхе Рафаэлю Відэлу зноў прыйшлося вярнуцца ў турму ў сувязі з абвінавачваннямі ў выкраданні дзяцей. Неўзабаве ён быў вызвалены і змешчаны пад хатні арышт у сувязі з пагаршэннем здароўя.

Нагадаем, у лістападзе мінулага года ў Буэнас-Айрэсе пачаўся судовы працэс супраць апошняга ваеннага дыктатара Аргентыны Рэнальда Бін’ёне, які кіраваў краінай у 1982-1983 гадах. Галоўным пунктам абвінавачвання Бін’ёне з'яўляюцца парушэнні правоў чалавека, дапушчаныя на ваеннай базе Кампа-дэ-Маё ў наваколлі Буэнас-Айрэса, на якой у гады ваеннай хунты (1976-1983) размяшчаліся сакрэтныя турмы.

Апошнія навіны