Казакі ствараюць у Беларусі ўзброеныя фармаванні
- 26.01.2010, 9:56
У межах Мытнага Саюза ў Менску з'явіцца казачая пасольская станіца Беларусі, Расеі і Казахстана.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Вячэрняму Менску» паведаміў так званы вярхоўны атаман «Усебеларускага аб'яднанага казацтва» Мікалай Ярковіч. У чальцоў «пасольскай станіцы», аказваецца, ужо нават адбылася сустрэча з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем, дзе ўсе гэтыя пытанні былі абмеркаваныя.
І яшчэ цікавая дэталь: «Падчас паседжання АДКБ была агучаная праграма, якая прадугледжвае стварэнне казачых падраздзяленняў краінаў АДКБ. Чакаецца, што казакоў будуць перыядычна збіраць для правядзення манеўраў. Гэта дасць магчымасць мець рэзервовае ўзброенае фармаванне, якое ў выпадку баявых дзеянняў стане на абарону дзяржаваў…»
У інтэрв'ю «Вячэрняму Менску» Мікалай Ярковіч таксама паведаміў, што «у Беларусі з 1998 года на базе школаў і сярэдніх спецыяльных навучальных установаў існуюць ваенна-патрыятычныя цэнтры і класы. Дзеці займаюцца ў рэжыме падоўжанага дня. Вывучаюцца прыёмы рукапашнага бою, страявая падрыхтоўка, асновы валодання зброяй… Зараз у казачых ваенна-патрыятычных цэнтрах займаецца 1600 кадэтаў, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў».
Казакі таксама маюць намер удзельнічаць у ахове мяжы, хочуць перайсці на дзяржаўную службу, выконваць задачы «у межах дзяржпраграмаў», стварыць сваё падраздзяленне пры ўнутраных войсках, каб насіць шэўроны не толькі «Усебеларускага аб'яднання казацтва», але і МУС.
Каб апраўдаць сваё існаванне казакі ўзялі на ўзбраенне гісторыю. «Датай нараджэння беларускага казацтва прынята лічыць 22 ліпеня 1654 года. Тады праваслаўны шляхціц Канстанцін Паклонскі разам са сваімі спадарожнікамі (чатырма шляхціцамі і чатырма месцічамі) прыбыў да цара. Аляксей Міхайлавіч прыняў яго міласціва, падараваў 40 собаляў і 50 рублёў, а таксама чын палкоўніка і дазвол арганізаваць полк, у які трэба набіраць «шляхту і ўсялякіх служывых людзей… Указам цара быў створаны першы беларускі Чавускі казачы полк», - заявіў «атаман» Ярковіч.
Як піша ў сваім блогу вядомая беларуская журналістка Святлана Калінкіна, Мікалай Ярковіч - казачы генерал-лейтэнант. Відаць, ён і ўзначаліць «незаконнае ўзброенае фармаванне». Праўда, у свой час у міністэрстве абароны працаваў у значна больш сціплым чыне.
«Але ў гэтым, відаць, прывабнасць казацтва для дарослых хлопчыкаў, што яны як быцца бы жартам, але як быццам і сур'езна самі сябе робяць і генераламі, і героямі. У таго ж Ярковіча ёсць залатая зорка героя – нейкая ўкраінская казачая арганізацыя ўзнагародзіла за заслугі.
Пра ўзброенае фармаванне я не жартую. Мы ўсё думалі, што пераапранутыя ў казачую вопратку весяляцца проста, а ўсё аказваецца вельмі сур'ёзна. Гэта пакуль яны ўзброеныя толькі нагайкамі, але дамагаюцца большага», -- адзначае журналістка.
«Наагул, яны гатовыя ўзяцца за зброю, а мы ўсё думалі, што на ўсялякіх царкоўных святах перыядычна з'яўляюцца блазаны. «Люба?» - звяртаюцца яны адзін да аднаго. «Люба!» - і выходзяць патруляваць вуліцы беларускіх гарадоў», -- адзначае Святлана Калінкіна.
«Чаму тады ў Беларусі не адкрываюцца цэнтры ваеннай падрыхтоўкі мусульманаў? Іх жа на ваенную службу запрасіў Вялікі князь Вітаўт, прычым значна раней – у канцы XIV стагоддзя. Увогуле, прачытала я інтэрв'ю і не смешна. А калі ўзгадаць, што менавіта беларускія казакі ўзялі моду ўзнагароджваць высокіх чыноўнікаў ордэнам Сталіна, дык … зусім не смешна», -- робіць выснову журналістка.