BE RU EN

Менскі «дынамавец» названы лепшым абаронцам тыдня ў КХЛ

  • 25.10.2010, 16:12

Лепшым абаронцам сёмага гульнявога тыдня чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі прызнаны славацкі легіянер менскага «Дынама» Петэр Падградскі.

У чатырох апошніх гульнях, праведзеных на выездзе, Петэр Падградскі забіў гол (у пераможным матчы са СКА 18 кастрычніка), зрабіў дзейсную перадачу (у прайграным матчы з «Лакаматывам» 24 кастрычніка) і зарабіў паказчык карыснасці «+6», перадае БелаПАН.

Камісія па вызначэнні лепшых хакеістаў чэмпіянату КХЛ таксама назвала лаўрэатаў тыдня ў іншых гульнявых амплуа.

Лепшым варатаром прызнаны вартавы варот омскага «Авангарда» Кары Рама. На працягу тыдня ён атрымаў тры перамогі ў трох матчах, у тым ліку адну «сухую», адбіўшы 97,6% кідкоў і прапускаючы ў сярэднім 0,66 гола за гульню.

Лепшым нападаючым прызнаны капітан санкт-пецярбургскага СКА Максім Сушынскі, на тыдні правёў тры матчы і набраў 5 балаў (3+2, у тым ліку адзін гол у вароты менскага «Дынама») пры паказчыку «+3».

Лепшым навічком тыдня прызнаны выхаванец беларускага хакея нападаючы «Лакаматыва» Сяргей Астапчук. На яго рахунку два галы (адзін з іх у вароты менскага «Дынама») у двух матчах пры паказчыку карыснасці «+2».

Раней у складзе менскага «Дынама» лепшым па амплуа за тыдзень у бягучым чэмпіянаце прызнаваўся галкіпер Андрэй Мезін.

Апошнія навіны