BE RU EN

Мядведзеў унёс у Дзярждуму закон аб паліцыі

  • 28.10.2010, 9:14

У расейскай паліцыі будуць служыць на 20 адсоткаў менш людзей, чым служылі ў міліцыі. Адбіраць паліцэйскіх будуць больш жорстка, чым міліцыянтаў.

Пры перайменаванні міліцыі ў паліцыю супрацоўнікам гэтага ведамства давядзецца прайсці пераатэстацыю. Статус паліцэйскага не будзе аўтаматычна прысвойвацца ўсім, хто меў статус міліцыянта. Паліцыя, у адрозненне ад міліцыі, будзе фінансавацца толькі з федэральнага бюджэту, паведамляе Lenta.ru.

Кіраўнік МУС Расеі Рашыд Нургаліеў заявіў, што галоўным прызначэннем паліцыі стане папярэджанне і прафілактыка злачынстваў. Міністр падкрэсліў, што новы закон замацуе праваахоўнае становішча паліцыі. У той жа час шматлікія аналітыкі паставіліся да дакумента крытычна. У прыватнасці, дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Андрэй Макараў звярнуў увагу на тое, што закон дае паліцыі занадта шырокія правы. Паводле словаў дэпутата, прыняцце закона можа прывесці да «стварэння новага канцэнтрацыйнага лагера, назвай якога будзе «Расея».

Першапачаткова ў межах рэформы МУС РФ, распачатай у снежні 2009 года, было абвешчана аб падрыхтоўцы новага закона «Аб міліцыі». Аднак 6 жніўня 2010 года Мядзведзеў абвясціў пра перайменаванне міліцыі ў паліцыю, і ўжо 7 жніўня ў інтэрнэт быў выкладзены праект закона «Аб паліцыі». Да 15 верасня дакумент быў адкрыты для абмеркавання. Аўтары законапраекта абяцалі ўнесці ў яго змяненні з улікам вынікаў абмеркавання.

Паводле разлікаў фінансавага ўпраўлення МУС, кошт перайменавання міліцыі ў паліцыю складзе 2,2 мільярда рублёў. 500 мільёнаў будзе выдаткавана на выраб новых таблічак для будынкаў і кабінетаў, а таксама налепак для службовых машын. 700 мільёнаў рублёў выдаткуюць на пераафармленне маёмасных правоў на будынкі і памяшканні - пасля перайменавання яны пяройдуць з рэгіянальнай уласнасці ў федэральную. Яшчэ мільярд рублёў пойдзе на выраб нагрудных значкоў для паліцэйскіх. Кошт аднаго значка складзе 800-1000 рублёў.

Апошнія навіны