Пасажыраў лонданскага «Хітроў» прымусілі спяваць і танчыць (Відэа)
- 28.10.2010, 13:47
Незвычайнае вітанне чакала пасажыраў, якія прыбываюць у пяты тэрмінал аэрапорта «Хітроў» у сераду, 27 кастрычніка.
Тых, хто прыляцеў у Лондан, сустракалі музычным флэшмобам, паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на агенцтва Асашыэйтэд Прэс.
На тэрыторыі аэрапорта праходзілі здымкі рэкламы адной з сотавых кампаній Вялікабрытаніі. Людзі, апранутыя як кіроўцы таксі, чальцы экіпажаў авіялайнераў і насільшчыкі, спявалі і танчылі непасрэдна перад пасажырамі.
«Мы разаслалі розным людзям каля 30000 паведамленняў з прапановай прыняць удзел у сённяшняй акцыі. Запрасілі каля 20 бітбоксераў, якія могуць імітаваць розныя музычныя інструменты сваімі галасамі. Сваім выступленнем яны падштурхоўвалі людзей удзельнічаць у мерапрыемстве», - распавёў прадстаўнік кампаніі Спэнсар Макх’ю.
Падобныя флэшмобы кампанія ладзіла ўжо двойчы. Першая акцыя прайшла на лонданскім чыгуначным вакзале «Ліверпуль Стрыт». Другая - на Трафальгарскай плошчы, калі больш за 13000 чалавек спявалі хорам пад кіраўніцтвам поп-спявачкі Пінк.