BE RU EN

Дэмакраты не праходзяць - выбаркамы ўзначальваюць ідэолагі

  • 11.02.2010, 11:12

Гомельскія актывісты дэмакратычных сілаў беспаспяхова спрабуюць вылучацца ў акруговыя выбарчыя камісіі ў якасці кіраўнікоў гэтых структураў.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі, юрыст Леанід Судаленка распавёў, што старшынямі камісіяў хочуць зрабіць ідэолагаў.

«Падчас першага арганізацыйнага паседжання камісіі нашай Уладзімірскай акругі №11 намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Мікалай Малы прапанаваў абраць старшынём камісіі начальніка ідэалагічнага аддзела Аляксандра Таруна. У чальцоў камісіі іншых меркаванняў не было. Таму, каб захаваць дэмакратычнасць працэдуры, я і прапанаваў сваю кандыдатуру ў якасці старшыні. Аднак усе, акрамя мяне, прагаласавалі за Таруна. Не абралі мяне ні намеснікам, ні нават сакратаром камісіі, хаця я таксама выклікаўся выконваць такія абавязкі. Усё было, лічу, загадзя спланавана», -- заяўляе Леанід Судаленка.

Самавылучаўся ў камісіі Быхаўскай акругі №12 і старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякаў. Аднак і яго не абралі ні кіраўніком, ні намеснікам кіраўніка выбарчай камісіі.

У камісію Чапаеўскай выбарчай акругі №6 уключаны рэгіянальны лідэр партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка. Ён не вылучаў сваю кандыдатуру ў якасці кіраўніка выбарчай камісіі, але выступіў супраць начальніка ідэалагічнага аддзела Наталлі Пруднікавай, якую вылучалі старшыняваць у акруговай камісіі №6. Сякерка паведаміў чальцам камісіі, што Наталля Пруднікава падавала ілжывыя звесткі пра актывіста апазіцыі Васіля Палякова. Нібы ён пераходзіў вуліцу і нецэнзурна лаяўся. Васіля Палякова пакаралі за гэта арыштам.

На вынікі галасавання інфармацыя прадстаўніка партыі левых таксама не паўплывала. За старшынства Пруднікавай прагаласавалі 11 чальцоў камісіі з дванаццаці прысутных. Супраць быў толькі адзін.

Апошнія навіны