Лукашэнку чакаюць у Іране
- 11.02.2010, 14:20
Яго візіт афіцыйна будзе прымеркаваны да пачатку прамысловай здабычы нафты ў радовішчы Джафэйр.
«Зараз там працуюць беларускія і іранскія спецыялісты. Думаю, што на працягу наступных пяці месяцаў пачнем прамысловую здабычу нафты. Тэрміны візіту прэзідэнта Беларусі залежаць ад таго, як хутка спецыялісты змогуць распачаць гэтую здабычу», - распавёў амбасадар Ірана ў Беларусі Сейед Абдала Хасейні на прэс-канферэнцыі ў Менску, перадае БелаПАН.
Нагадаем, сумесны праект па здабычы нафты абмяркоўваўся 29 студзеня ў Менску на сустрэчы першага віцэ-прэм'ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Ірана Эсфандз’ярам Рахімам Машаі. Адзначалася, у прыватнасці, што гэты праект пачне даваць аддачу праз паўтара-два гады.
«Для Беларусі надзвычай актуальная тэма здабычы нафты і яе рэалізацыя на сусветных рынках», - падкрэсліў Сямашка. Ён выказаў удзячнасць кіраўніцтву Ірана за прадстаўленую магчымасць і стварэнне неабходных умоў для здабычы нафты і яе наступнага продажу.
«Беларусь са свайго боку таксама прымае неабходныя меры для стварэння максімальна зручных і камфортных умоў для працы іранскага бізнэсу, стварэння сумесных прадпрыемстваў», - сказаў Сямашка.
Кантракт на распрацоўку нафтавага радовішча Джафэйр быў падпісаны «Беларуснафтай» і Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй у верасні 2007 года. Тады ж было створана і сумеснае прадпрыемства «Белпарс Петролеум Кампані Лімітэд».
Радовішча Джафэйр размешчана на мяжы Ірана з Іракам. Яго геалагічныя запасы ацэньваюцца ў 2,1 млрд. барэляў. Згодна з кантрактам, беларускія нафтавікі падчас першай фазы асваення радовішча павінны забяспечыць здабычу нафты на ўзроўні 15 тыс. барэляў у суткі.
Як раней паведамляў charter97.org, 11 лютага Махмуд Ахмадзінеджад абвясціў Іран ядзернай дзяржавай. У гэты ж дзень стала вядома, што ЗША увялі супраць Ірана новыя санкцыі. А Аляксандр Лукашэнка, у сваю чаргу, павіншаваў Ахмадзінеджада з Днём ісламскай рэвалюцыі і падкрэсліў, што беларуска-іранскія сувязі ва ўсіх галінах пашыраюцца.