BE RU EN

Мараторый на смяротнае пакаранне не абмяркоўваецца

  • 16.02.2010, 15:52

Пытанне аб мараторыі на смяротнае пакаранне можа быць разгледжана толькі да канца бягучага года на «парламенцкіх» слуханнях.

Самі слуханні папярэдне плануецца правесці ў рамках асенне-зімовай сесіі. Аднак наяўнасць такога пункта ў парадку дня сесіі ў сваю чаргу будзе залежыць ад ступені пагружэння дэпутатаў у вывучэнне пытання ў бліжэйшыя паўгода.

Як паведаміў БелТА старшыня камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях ніжняй «палаты» Мікалай Самасейка, 22 лютага на першым паседжанні працоўнай групы па абмеркаванні праблематыкі смяротнага пакарання будзе прыняты план працы на бліжэйшыя паўгода.

Планам прадугледжаны паглыблены аналіз статыстыкі і судовай практыкі, а таксама наведванне месцаў пазбаўлення волі, дзе адбываюць пакаранне прысуджаныя да пажыццёвага зняволення. Затым, дэпутаты маюць намер вывучыць правапрымяняльную практыку ў Расеі і Украіне.

Далей, плануецца запуск шырокай грамадскай дыскусіі з нагоды адмены або захавання ў Беларусі смяротнага пакарання з дапамогай прэс-канферэнцый, круглых сталоў і г.д.

Вынікі ўсіх згаданых вывучэнняў і мерапрыемстваў, у тым ліку грамадскі рэзананс, стануць асновай для прыняцця рашэння аб мэтазгоднасці вынясення пытання смяротнага пакарання на дэбаты ў беларускім «парламенце».

Нагадаем, што ў чэрвені 2009 года Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы ў сваёй рэзалюцыі звязала вяртанне Беларусі гасцявога статусу ў асамблеі з мараторыем на смяротнае пакаранне.

Беларусь - адзіная краіна Еўропы, якая не толькі не ўваходзіць у Раду Еўропы, а нават не мае гасцявога статусу. 47 еўрапейскіх краін, разам з усімі нашымі суседзямі, уваходзяць у Раду Еўропы. А значыць, іх грамадзяне могуць падаваць заяўкі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека супраць парушэння сваіх правоў дзяржаўнымі органамі.

Апошнія навіны